Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спяко́тна,

1. Прысл. да спякотны.

2. безас. у знач. вык. Пра высокую тэмпературу паветра. Зіна і на гэты раз хацела была заняць сваё звычайнае месца, але тут [на абрыве] было так спякота, сонца паліла да таго неміласэрна, што яна перадумала і прапанавала ўладзіцца ў цяньку бярозак, што раслі трошкі збоку. Васілёнак.

спяко́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Вельмі гарачы, душны. Стаяў спякотны летні дзень. Сонца хоць і пераваліла за поўдзень, але пякло неміласэрна. Чарнышэвіч. Лета ў гэтым годзе выдалася спякотнае і сухое. Хомчанка. Цяжка ў пасёлку з вадой. Калодзежаў тут небагата, ды і ў тых часта ў спякотнае лета вада перасыхае. Бяганская. // Прасякнуты спёкай, надзвычай нагрэты. Вырысоўвалася праз спякотную шыза-белую дымку цёмная паласа лесу. Шамякін. Калі пачаўся гэты подзвіг? У катлаване? Ці тады, Калі вятроў спякотных подых Адчуў геолаг малады. Панчанка. Там спякотнымі вятрамі Выпалена цаліна, Ды туды з будаўнікамі Едзе красная вясна. Зарыцкі.

2. Такі, якому ўласціва спякота. Спякотны стэп. □ Магілёўская ціхая вёска. Курная хата. Як далёка яны ад Мадрыда, Ад спякотнай Іспаніі. Кірэенка.

спяле́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. спелы.

спяле́ць, ‑ее; незак.

Тое, што і спець ​2 (у 1 знач.).

спялі́ць, спялю, спеліш, спаліць; незак., што.

Даводзіць да спеласці. Спяліць памідоры. □ Іх [Міхася і Паташу] вынеслі ўранку На ўзлессе, туды, Дзе волат на сонцы Спяліў жалуды. Гілевіч.

сп’яна́, прысл.

Разм. Будучы п’яным, нецвярозым. Сп’яна ахрысцілі ку мы хлапчука Не бацькаўскім імем, а нейкім Панасам. Танк. [Алёша:] — Ты брат ёй [Любе], ці можа родзіч, Ці можа жаніх зусім. Што гэткую дрэнь гародзіш Сп’яна пра дзяўчат сваіх? Нядзведскі.

сп’яне́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які сп’янеў, ап’янеў. Сп’янелы, [Міканор] не адразу ўстаў і тады, калі маці, якая ўнесла з сенцаў халадзец, сказала, што на вуліцы нейкія крыкі. Мележ. // Уласцівы такому чалавеку. Нехта сп’янелым голасам спяваў. Савіцкі. // Які прыйшоў у стан, падобны да стану ап’янелага чалавека (ад пахаў, стомленасці і пад.). Сп’янелы ад ляснога паветра.

сп’яне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць п’яным, ап’янець. Пасля пакурылі [Астаповя і Блецька], яшчэ выпілі па шклянцы, сп’янелі і яшчэ мацней пачалі гаварыць. Чорны. [Змітрок] выпіў адну чарку, потым другую, вельмі хутка забыўся на свой сорам і сум, разам з усімі смяяўся, жартаваў з Кузьмы, бо той неўзабаве зусім сп’янеў і заснуў проста за сталом. Сачанка. // Прыйсці ў стан, падобны да стану ап’янелага чалавека (ад пахаў, стомленасці і пад.). Мы проста сп’янелі ад гэтых кніг, ад усяго багацця, ад усяго хараства, пра якое, зразумела, раней не маглі і ў сне сасніць... Дубоўка. Гляджу я, — шаман ад песні больш, чым ад гарэлкі, сп’янеў; усе павесялела. Багдановіч.

спярша́, прысл.

Разм. Першапачаткова, раней, спачатку. Спярша служыў .. [дзядуля] .. у мешчаніна, кульгавага пана Пстрычкі, што меў многа зямлі і вялікі сад. Гарэцкі. І сотні глотак песню падхапілі, Спярша няўлад, а грымнулі яны — Аж затрымцела вецце і бадылле і загулі шчарбатыя званы. Грахоўскі. Дзверы спярша абурана рыпнулі, потым гнеўна грукнулі. Васілёнак.

спярэ́сціць 1, ‑рашчу, ‑рэсціш, ‑рэсціць; зак., каго-што.

Зрабіць пярэстым. Трэшчыны спярэсцілі сцяну.

спярэ́сціць 2, ‑рэшчу, ‑рэсціш, ‑рэсціць; зак., каго-што.

Разм. Моцна ўдарыць; спляжыць. Спярэсціць кіем.