Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чарнава́ты, ‑ая, ‑ае.

З чорным адценнем, па колеру блізкі да чорнага. І тут я ўбачыў вось што: ля адчыненага акна, крыху збоку, стаяла Зоська, а на плячы ў яе, накрыўшыся чарнаватым хвосцікам, сядзела рыжанькая вавёрка і мордачкай церлася аб шчаку дзяўчынкі. Ляўданскі.

чарнаві́к, ‑а, м.

Чарнавы накід, тэкст, рукапіс чаго‑н. Чарнавік сачынення. □ Шматлікія вершы Дзяргая доўга адлежваліся ў яго чарнавіках, і пераважна таму, што аўтар заставаўся незадаволены іх адшліфоўкай. Лойка.

чарнаво́кі, ‑ая, ‑ае.

У якога чорныя, цёмныя вочы. Лабановічу падабалася прыгожанькая, крыху сарамяжлівая, чарнавокая Лідачка. Колас.

чарнаву́сы, ‑ая, ‑ае.

У якога чорныя вусы. У сельсавеце хлопцы засталі і старшыню, чарнавусага дзядзьку Рыгора. Якімовіч.

чарнавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Напісаны, зроблены начарна; неканчатковы. Чарнавы чарцёж. □ І на самай справе, як аб гэтым сведчаць даты на лістах чарнавога рукапісу паэмы, некаторыя дні прыносілі па 30 і больш вершаваных радкоў. У. Калеснік. У асобе Міколы Аўрамчыка беларуская літаратура якраз мае вельмі патрабавальнага паэта, які .. не спяшаецца друкаваць яшчэ чарнавыя накіды вершаў. Бугаёў. // Прызначаны для запісаў начарна, з такімі запісамі. Чарнавы сшытак. □ — Вось, малады чалавек, — сказаў інжынер Блок, — тут два аркушы — чарнавы і чысты. На чысты аркуш вы перан[есяце] папраўленыя лічбы... Колас.

2. Дапаможны, падсобны; цяжкі, брудны (пра работу). Рабочых сцэны не было, артысты самі выконвалі ўсе чарнавыя работы. Сабалеўскі. Купала не цураўся ніякай чарнавой работы, толькі б падтрымаць маладых пісьменнікаў. Ярош.

3. Звязаны з першапачатковай стадыяй вытворчасці. Чарнавая апрацоўка.

4. Спец. Са значнай колькасцю прымесей (пра каляровыя металы). Чарнавы цынк. Чарнавая медзь.

чарнаго́рац,

гл. чарнагорцы.

чарнаго́рка,

гл. чарнагорцы.

чарнаго́рскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Чарнагорыі, чарнагорцаў; які належыць, уласцівы ім.

чарнаго́рцы, ‑аў; адз. чарнагорац, ‑рца, м.; чарнагорка, ‑і, ДМ ‑рцы; мн. чарнагоркі, ‑рак; ж.

Паўднёваславянскі народ, што складае асноўнае насельніцтва Чарнагорыі, якая ўваходзіць у склад Сацыялістычнай Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі.

чарнагры́вы, ‑ая, ‑ае.

У якога чорная грыва; з чорнай грывай. Стоячы ў перадку воза, хлапчук .. круціць над галавой лейцамі і пакрыквае на кругленькага мышастага, чарнагрывага коніка. Ракітны.