Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чалаве́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць чалавечнага; гуманнасць, чалавекалюбства. У чулых, клапатлівых адносінах да людзей, асабліва да дзяцей, праяўляўся вялікі гуманізм, вялікая чалавечнасць Уладзіміра Ільіча. «Полымя».

чалаве́чны, ‑ая, ‑ае.

Уважлівы, чулы, душэўны; гуманны. Калі гляджу на роднае аблічча, На востры зрок з-пад стомленых павек, — Вось-вось з граніту сыдзе просты, блізкі І самы чалавечны Чалавек! Звонак. [Насця:] Які вы добры, чалавечны! Даруйце мне мой тон. Колас. Купала сябраваў з Міровічам, ён яму вельмі падабаўся і як творца, і як чалавек з вясёлым, жывым характарам, вельмі чалавечным і добразычлівым. Рамановіч.

чалаве́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чалавека (у 1 знач.), належыць яму. Чалавечыя рукі. Чалавечая постаць. □ Пачуўся голас чалавечы. Аж узняліся ў дзядзькі плечы, Ды каб схаваць, што ён спужаўся, Спакойна дзядзька адазваўся. Колас. Доктар знайшоў бабчыну сухую руку, пагладзіў. Часта чалавечымі словамі нельга сказаць таго, што скажаш маўчаннем. Скрыган. // Які складаецца з людзей. Чалавечае грамадства. □ І тут толькі заўважыла чалавечая грамада, што няма пастуха. Мурашка. // Які робіцца, здзяйсняецца чалавекам. Матэрыялістычнае вучэнне гісторыі з’явілася адзінай тэорыяй, якая правільна, навукова тлумачыць чалавечую гісторыю як працэс. «Весці». Усё адыходзіць у нябыт, астаюцца толькі плёны чалавечай працы. Карпаў.

2. Уласцівы, характэрны для чалавека. Чалавечая годнасць. Чалавечае шчасце. Чалавечыя слабасці. □ Пісьменніку ўдалося раскрыць варожую сутнасць кулацтва, паказаць звярыную псіхалогію ўласніка, які ў пагоні за нажывай страчвае чалавечае аблічча, становіцца ворагам працоўнага народа. Гіст. бел. сав. літ. І адчувае Алежка: вось-вось здарыцца цуд, загавораць між сабой на чалавечай мове лясныя жыхары, — і тады ўсе вялікія і важныя тайны адкрыюцца яму. Вышынскі. // Такі, як трэба; належны, добры. — Яно не кепска было б кіламетраў пяцьдзесят ад’ехацца, — раптам спыняецца Тарасюк. — Тады можна было б спакойна дзён колькі адлежацца, чалавечы выгляд набыць. С. Александровіч. Бавар Вейс знойдзе другую. І яна будзе працаваць у яго на чалавечых умовах. Ракітны.

3. Гуманны, чалавечны. Чалавечая, шчырая трывога пра невядомага чалавека балюча кранула Нічыпара. Асіпенка. Не ведаю, што робіцца са мной: Ад дабраты я плачу чалавечай, Заўсёды плачу ад спагады нечай — Не ведаю, што й робіцца са мной! Сіпакоў.

•••

Род чалавечы гл. род.

чалаве́чына, ‑ы.

Разм.

1. м. і ж. Тое, што і чалавек (у 1 знач.). — Ого бо, чалавечына! — не вытрымлівае, нарэшце, злуецца жонка, — не выспаўся небарака!.. Васілевіч. [Паддубны:] — Гэта, відаць, з вопытам чалавечына. Проста хочацца з ім пабачыцца. Пестрак.

2. ж. Мяса чалавека як ежа людаедаў і некаторых драпежных звяроў. Ваўкі кідаюцца цяпер на людзей — тыя, што пакаштавалі чалавечыны. Пташнікаў.

ча́ленне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. чаліць.

чале́снікі, ‑аў; адз. няма.

Уваходная выемка ў печы. [Дзед] падышоў да прыпечка, выняў з-пад чалеснікаў абсмаленую засланку. Бядуля. У хаце стол, накрыты абрусам, чыстая падлога, з чалеснікаў печы смачна пахне недаваранай стравай. Каваль.

ча́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак., што.

Прыцягваць або прымацоўваць прычальным канатам, чалам.

чалма́, ‑ы, ж.

Мужчынскі галаўны ўбор у мусульман — доўгі кавалак тканіны, абкручаны некалькі разоў вакол галавы. У сваім нацыянальным адзенні, у беласнежнай чалме, упрыгожанай дарагімі самацветамі, .. [індыйскі дэлегат] вылучаўся сярод масы гасцей у аднолькавых вячэрніх касцюмах. Лынькоў.

чало́, ‑а; мн. чолы, ‑аў; н.

1. Уст. і паэт. Лоб. Потым.. [Майка] ўзняла гатовую дыядэму і павязала яе вакол галавы. У змроку над яе чалом успыхнуў німб з зеленаватых халодных зорак. Караткевіч. Ім [рыбакам] навальніца, што ў моры спаткала, хваль ручнікамі чало ўцірала. Вялюгін. // Пра твар. І раптам — што за штука? — У дзеда спахмурнела ўраз чало. Корбан. Абвёў рукой наўкола луг шырозны. І мне чало касца, дзе лёг загар, Здавалася як вылітае з бронзы. Ляпёшкін.

•••

Біць чалом гл. біць.

На чале з кім-чым, каго-чаго — пад кіраўніцтвам каго‑, чаго‑н.

Стаць на чале ўлады гл. стаць.

чальча́к, ‑у, м.

Адна- або шматгадовая травяністая меданосная і лекавая расліна сямейства чальчаковых.