Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узбе́кскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да узбекаў, які належыць, уласцівы ім. Узбекская культура.

узбе́чка,

гл. узбекі.

узбіва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. узбіваць — узбіць (у 1–4 знач.).

узбіва́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да узбіцца.

2. Зал. да узбіваць (гл. узбіць у 1–4 і 6 знач.).

узбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узбіць.

узбіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да узабрацца.

узбі́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад узбіць (у 1–4 і 6 знач.).

узбі́цца, узаб’юся, узаб’ешся, узаб’ецца; узаб’ёмся, узаб’яцеся; зак., на каго-што.

1. Нечакана наскочыць на каго‑, што‑н.; наткнуцца. Узбіцца на камень. Узбіцца на востры сук. □ Ад невялічкай газнічкі, што стаяла на паліцы каля абразоў, хапала святла толькі на тое, каб не ўзбіцца на чалавека. Лобан. Аслеплены дымам, Міша ўзбіўся на нейкі цабэрак і паляцеў потырч. Арочка.

2. Нечакана сустрэцца, сутыкнуцца з кім‑, чым‑н. непажаданым, непрыемным; напароцца. Узбіцца на засаду. □ [Ляснік:] — Перадумаў я, хлопцы. Начуйце. Час позні, можна і на ваўка дзе ўзбіцца. Паўлаў.

3. Разм. Натрапіць, напасці на што‑н. Шафёр, абмінаючы замёрзлыя лужыны, усё хмурыў твар, пасля, кіламетраў якіх праз сорак, узбіліся на шашу. Чыгрынаў. [Салдат:] — Ішоў, ішоў, узбіўся на бураковае поле. А ў лагчынцы, бачу, салдаты буракі капаюць. Лужанін. // перан. Дайсці, дапасці да чаго‑н. (у думках, размове і пад.). [Грэчка:] — У апошні момант узбіўся быў на цікавы сон. Няхай. Гутарка ўзбілася на залатога кухара, і, падвыпіўшы, госці пажадалі паглядзець на яго. Гарэцкі.

4. Разм. Узабрацца на верх чаго‑н., насесці, налезці на каго‑, што‑н. Пад рабінай была лавачка, мокрая яшчэ ад дажджу, не высахла, і на яе ўзбіліся дзеці. Пташнікаў. Злавіў [Базыль] свайго сівага аж каля балота і, ледзь узбіўшыся на яго шырокую спіну, ступою накіраваўся на пацяробы. Нікановіч.

5. без дап. Стаць пышным. Падушкі ўзбіліся. // Успеніцца ад моцнага струменя, узбівання і пад. На піве ўзбілася пена.

6. Разм. З цяжкасцю абзавесціся чым‑н., разжыцца. Рана .. [Рымша] асірацеў, але і адзін неяк-такі ўзбіўся на гаспадарку. Якімовіч. Узяцца адразу за будоўлю ўсё ніяк не выпадала: і з лесам было цяжка, і на грошы лішнія ўсё ніяк не маглі ўзбіцца. Васілевіч. Адзін час .. [Максім Астапавіч] узбіўся на каня і наймаўся вазіць тавар адсюль у Мінск і з Мінска сюды. Чорны.

•••

Узбіцца на капейку — разжыцца на грошы.

узбі́ць, узаб’ю, узаб’еш, узаб’е; узаб’ём, узаб’яце; заг. узбі; зак., што.

1. Набіць што‑н. на паверхню чаго‑н.; пасадзіць, накалоць на што‑н. вострае. Узбіць абруч на бочку. Узбіць вілкі на вожаг. □ Таня выпіла разам з усімі, сціпла выцерла губы кончыкам хусткі, а потым узбіла на відэлец кавалак селядца і скрылёк цыбулі і .. пачала есці. Новікаў.

2. Разм. Надзець, насунуць на што‑н. зверху. Узбіць акуляры на нос. Узбіць шапку на патыліцу.

3. Разм. З цяжкасцю надзець што‑н. вузкае, цеснае. Ледзь узбіў паліто на плечы.

4. Ударамі ўзрыхліць, зрабіць больш мяккім, пышным. Узбіць зямлю капытамі. Узбіць падушкі. Узбіць прычоску. □ Селянін рухава патрусіў да сваіх саней, узбіў салому, паклаў чамаданы. Колас. Цвёрды грунт узбілі ломам. Кляўко. // Ударамі ўзняць у паветра. Неўзабаве першыя халодныя кроплі дажджу цяжка ўпалі на зямлю і ўзбілі на дарозе пыл. Дайліда. // Успеніць што‑н. Узбіць мыльную пену.

5. Разм. Разбіць яйцо на скавараду, патэльню.

6. Разм. Паставіць, палажыць, павесіць што‑н. на вельмі высокае, нязручнае месца.

узбо́ўтаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад узбоўтаць.