Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сяме́йнік, ‑а, м.

Разм. Член якой‑н. сям’і. Сямейнікаў маіх дома нікога не аказалася, але я нават забыўся хоць якой запіскай папярэдзіць іх аб маім ад’ездзе і пабег на аўтобусную станцыю. Быкаў. Звялі маладзіцу са свету сямейнікі. Свёкар быў звер і скупеча .. А сынок — яшчэ горшы. Брыль.

сяме́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае сям’ю (у 1 знач.), не адзінокі. [Павел Іванавіч:] — Сямейны чалавек [шафёр] ужо: жонка і двое дзяцей. Кулакоўскі. / у знач. наз. сяме́йны, ‑ага, м.; сяме́йная, ‑ай, ж. Дом адпачынку для сямейных.

2. Які мае адносіны да сям’і (у 1 знач.); звязаны з сям’ёй, з жыццём сям’і. Сямейнае выхаванне. Сямейны альбом. Сямейнае шчасце. Сямейная сцэна. □ Ад бабкі-старожкі Лабановіч збольшага ведаў сямейнае жыццё пана падлоўчага. Колас. [Вера Адамаўна] паехала ад нас па сямейных абставінах. Ермаловіч. У той жа дзень склікана была сямейная нарада. Крапіва. // Прызначаны для сям’і. Куцця была толькі асноваю сямейнай вячэры. Якімовіч. Там [у райкоме] сказалі, што ёсць свабодная сямейная пуцёўка на курорт. Кірэйчык. // перан. Прыветны, унутраны, дамашні. Сямейныя справы. □ Віктар неяк нечакана пераключыўся з сямейнай на літаратурную гаворку. Кавалёў.

3. Які грунтуецца на сямейнасці (у 2 знач.). Сямейны падыход у падборы кадраў.

сяме́йства, ‑а, н.

1. Тое, што і сям’я (у 1 знач.). — А дзе ж ваша сямейства? — запытаў я, бо нікога, апроч гаспадара, не ўбачыў у хаце. Сабаленка.

2. У сістэматыцы жывёл і раслін — аб’яднанне некалькіх родаў, падобных па будове і блізкіх па паходжанню. Сямейства акунёвых. Сямейства злакавых.

3. перан. Разм. Група якіх‑н. аднародных пабудоў і пад. Сямейства атамных электрастанцый памнажаецца.

сямёра, семярых, ліч. зб.

Сем. Ужываецца: а) з назоўнікамі агульнага роду, якія абазначаюць асоб. Сямёра сірот; б) без назоўнікаў, калі абазначаюць асоб мужч. і жан. полу. Адзін з сошкаю, а сямёра з ложкаю. Прымаўка. Сямёра аднаго не чакаюць. Прыказка; в) з назоўнікамі, якія абазначаюць маладых істот. Сямёра шчанят; г) з назоўнікамі, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку. Сямёра сутак; д) з асабовымі займеннікамі ў множным ліку. Іх было сямёра.

сямёрка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Лічба 7. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобуса, трамвая і пад. маршруту № 7), якія нумаруюцца лічбай 7.

2. Група з сямі адзінак. Сямёрка байцоў.

3. Ігральная карта з сямю ачкамі. [Аляксей Пятровіч:] — Ксеня Сямёнаўна, падкідайце сямёркі, у вас яны павінны быць. Васілёнак.

сямі...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая абазначае: 1) які складаецца з сямі частак, раздзелаў, аддзелаў і пад., напрыклад: сямітомны, сяміпакаёвы; 2) які мае сем аднолькавых прадметаў, прыкмет, уласцівасцей і пад., напрыклад: сямілямпавы; 3) колькасцю, мерай, коштам у сем якіх‑н. адзінак, напрыклад: сяміпудовы.

сяміаршы́нны, ‑ая, ‑ае.

Памерам у сем аршын. Сяміаршыннае бервяно.

сяміба́льны, ‑ая, ‑ае.

Сілаю ў сем балеў. Сямібальны шторм.

сямібая́ршчына, ‑ы, ж.

Баярскі ўрад у Расіі ў час польскай інтэрвенцыі пачатку 17 ст., які складаўся з сямі знатных баяр.

сямібо́р’е, ‑я, н.

Тое, што і сяміборства.