спадні́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да спадніцы; прызначаны для спадніцы. Праворныя Надзіны пальчыкі выхапілі са спаднічнай кішэнькі флакончык з духамі, і па пакоі разліўся знаёмы і дарагі мне бэзавы пах. Кірэенка.
спадо́ба, ‑ы, ж.
У выразе: да спадобы (быць, прыйсціся і пад.) — спадабацца, быць каму‑н. па густу. А вось казацкая песня прыйшлася да спадобы, і Ваня не расставаўся з ёю. Новікаў. Веры такая размова была не да спадобы. Асіпенка.
спадо́біцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; зак.
Уст., цяпер іран. Удастоіцца (якой‑н. літасці, чэсці, увагі).
спадо́біць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; зак., каго.
Уст. Удастоіць чаго‑н., падзяліць чым‑н. у знак сваёй літасці (пра бога).
спадо́блены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад спадобіць.
спадру́чна, безас. у знач. вык., звычайна з інф.
Зручна; выгодна. Міхал з Антосем, як старыя, Займалі месцы канцавыя, І іх трымаліся выключна, Бо тут сядзець ім больш спадручна. Колас.
спадру́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, які падыходзіць; зручны. З трывогай убачыў [Даніла], што хоць і сапраўдны тут лес, але дроў спадручных няма. Кулакоўскі. Ён [Сымон] са скрыпкай неразлучны, Не спускае яе з рук, А ў час вольны і спадручны Граў і цешыўся хлапчук. Колас.
2. у знач. наз. спадру́чны, ‑ага, м. Памагаты. Ні .. [гардэробшчык], ні яго спадручны ў такой жа форме,.. ніхто не звярнуў на нас увагі. Шыловіч.
спадцішка́, прысл.
Скрытна, ціха, непрыкметна. Маці ўхадзілася, палезла на печ, прылегла на ўскраі і спадцішка пазірала за дачкой. Пальчэўскі. Спадцішка шкодзіць Лемяшэвічу загадчык навучальнай часткі школы Арэшкін. Кучар.
спа́дчына, ‑ы, ж.
1. Маёмасць, гаспадарка, якая пасля смерці ўладальніка пераходзіць у чыю‑н. уласнасць. Сын палічыў, што бацька загінуў на вайне, прадаў і прагуляў бацькоўскую спадчыну. Машара. Ён [дзед] памёр пад шум асенніх траў, Толькі стрэльбу ў спадчыну пакінуў. Танк. // перан. Разм. Пра тое, што пераемна пераходзіць ад папярэдняга да наступнага. У Ніны быў самавар — не свой, нечая спадчына па кватэры. Лобан. / Пра ўласцівасці, схільнасці, пачуцці і пад. У маіх руках не кол, а кулямёт, А ў спадчыну ад прадзеда — адвага. Панчанка. З песняй той да Радзімы любоў Назаўжды дасталася мне ў спадчыну. Нядзведскі. // Разм. Тое, што пакінута папярэднікам у якой‑н. галіне дзейнасці, майстэрстве, справе. Сваё будаўнічае майстэрства цесляры звычайна перадавалі ў спадчыну нашчадкам. «Помнікі». [М. Багдановіч] памёр сталым майстрам. Яго спадчына адразу ж стала нашай класікай. Гілевіч.
2. З’явы культурнага жыцця, быту, якія ўспрыняты ад папярэдніх дзеячаў, ад мінулых часоў. Культурная рэвалюцыя ўключае: усеагульнае пашырэнне пісьменнасці, а затым і навуковых ведаў сярод працоўных, крытычнае асваенне культурнай спадчыны, набытай чалавецтвам, і стварэнне больш высокай культуры — нацыянальнай па форме і сацыялістычнай па зместу. «Звязда». Пэўная лінгвістычная спадчына засталася, і ў гісторыі навукі аб мове беларускага народа яна займае прыкметнае месца. Суднік. Міцкевіч пакінуў багатую спадчыну. Лойка.
3. Спец. Пераход маёмасці памёршага да яго наследнікаў.