Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пламбо́ўка, ‑і, ДМ ‑боўцы; ж.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пламбаваць.

пламбо́ўшчык, ‑а, м.

Той, хто займаецца накладваннем пломб (у 1 знач.).

пламбо́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да пламбоўшчык.

план, ‑а, м.

1. Чарцёж, які паказвае ў паменшаным выглядзе мясцовасць, прадмет, збудаванне і г. д. у гарызантальнай праекцыі. План зямельнага ўчастка. План школьных будынкаў. □ Раз увечар віхор кучаравы Да настаўніцкіх вокнаў прылёг. І за шклом размалёваным, зорным, У міганні вясёлкавых мараў Ён убачыў у хаце прасторнай Карты-планы балотных абшараў. Багун.

2. Праграма заданняў і прац у гаспадарчай, культурнай і інш. галінах, якія павінны быць выкананы ў адпаведны тэрмін. Пяцігадовы план. Народнагаспадарчы план. □ [Паўліна:] Я калі пабыла на першай сесіі,.. паслухала як прымалі пяцігадовы план, — нібы на свет нанава нарадзілася. Шамякін.

3. Праект, праграма якога‑н. дзеяння. Віця і Міхась шмат накрэслілі планаў, як правесці лета. Чарнышэвіч. Свідравала мозг гэтая страшная думка, і ў той жа час у галаве борзда, борзда складаўся план дзеяння. Колас. І тады адразу з’явіўся ў Міколкі план, як спрытней узяць ворага. Лынькоў.

4. Парадак, паслядоўнасць, сістэма, кампазіцыя чаго‑н. План урока. План даклада. □ [Святлана] разгарнула тоўсты сшытак у цыратовай вокладцы, каб аднавіць у памяці план свайго наступнага ўрока. Шахавец.

5. Месца, занятае асобай або прадметам у перспектыве, вызначанае паводле адлегласці яго ад назіральніка, ад камеры. На заднім плане [карціны] за спіной дзецюка, за яго канём, выступаюць абрысы вясковай вуліцы. Ліс. // перан. Месца, якое займае хто‑н., што‑н. з пункту гледжання яго значнасці, важнасці. І Галя чамусьці ўзнікала большым планам і засланяла сабою Альбіну. Сабаленка. [Сухадольскі:] Цяжка памірыцца з тым, што цябе адціскаюць на задні план. Крапіва. На першы план у рамане выступаюць сацыяльна-палітычныя матывы. «Полымя».

6. Галіна, сфера праяўлення чаго‑н.; спосаб разгляду чаго‑н. Ролі гераічнага плана занялі ў яго [Кістава] рэпертуары бадай што асноўнае месца. «Беларусь». Можна было б выказаць пажаданні аб большай разнастайнасці планаў у перадачы. «ЛіМ».

7. Спец. Маштаб паказу прадметаў ці асоб пры здымках, у творах і т. п. На экране тым часам буйным планам быў паказаны велізарны бамбардзіроўшчык. Васілёнак. Буйным планам робіць Міцкевіч у паэме накіды краявідаў Навагрудчыны. Лойка.

•••

Адысці на задні план гл. адысці.

[Ад лац. planum — плоскасць.]

планава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. планаваць.

пла́навасць, ‑і, ж.

Уласцівасць планавага. У літаратурны рух мы павінны ўнесці планавасць і назаўсёды расквітацца з абязлічкай. Чорны.

планава́цца, ‑нуецца; незак.

Зал. да планаваць.

планава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак., што.

1. Складаць план, праект якога‑н. збудавання. Планаваць будынак школы.

2. Размячаць месца пад што‑н. згодна з планам. [Архітэктар] плануе адразу цэлы горад: вуліцы, плошчы, праспекты. Лужанін. Калгас будаваў новыя хаты. Леапольд Гушка пільным вокам спрактыкаванага гаспадара сам планаваў месца. Чорны.

3. Складаць план развіцця, ажыццяўлення чаго‑н.; уключаць у план развіцця чаго‑н. Планаваць вытворчасць тавараў шырокага ўжытку. □ Плануе калгас свой гадавы прыбытак — на першым месцы ў яго сад. Ракітны.

4. Мець намер, разлічваць зрабіць што‑н., меркаваць. Планаваць экскурсію. □ Планавалі на сёння пайсці ў кіно. А замест гэтага мы ўсе ўтраіх працавалі на гародзе Раманюка. Савіцкі. Ужо з першага курса Ваня планаваў, як ён ўладкуецца на работу пасля заканчэння тэхнікума. Новікаў. Міхей планаваў так. Скончыць сын дзесяцігодку і паступіць у інстытут. Ермаловіч.

5. без дап. Разм. Займацца планаваннем. [Жанчына:] — Хто ў вас там плануе, Лявон Ігнатавіч, хто распараджаецца? Хадкевіч.

планаві́к, ‑а, м.

Спецыяліст па складанню вытворчых планаў.

пла́навы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да плана (у 2 знач.). Планавая справаздача. // Які займаецца складаннем планаў. [Ніна:] — А цяпер куды меціш, за начальніка планавага аддзела? Шыцік.

2. Які ажыццяўляецца па загадзя намечанаму плану. Планавая сістэма гаспадаркі. □ — І хутчэй, як мага хутчэй трэба брацца за планавае будаўніцтва. Кулакоўскі.