Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

до́льчаты, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з долей, долек.

до́люхна, ‑ы, ж.

Разм. і нар.-паэт. Доля (у 2 знач.).

до́ля, ‑і, ж.

1. Р мн. ‑ей. Частка чаго‑н. Дзяліць на роўныя долі. □ Недалёка грымнула гармата, а праз якую долю мінуты дзесьці побач разарваўся снарад. Маўзон. Андрэй Міхайлавіч зразумеў, нарэшце, з кім мае справу і як трэба надалей трымацца з гэтымі людзьмі, каб хаця ў сотай долі аддзякаваць ім за свой ратунак. Самуйлёнак. У Шарэйкавым параўнанні нейкая доля праўды была. Брыль. // Належная каму‑н. частка чаго‑н., права на ўдзел у чым‑н.; чый‑н. удзел у чым‑н., уклад у што‑н. На балоце за Абадком стаяць два стажкі. У іх і наша доля — паўстажка. Якімовіч. — Не п’ю, але за кампанію... — Васіль дастаў і палажыў на стол сваё сала і хлеб. — Хай і мая доля будзе. Гаўрылкін.

2. Лёс, становішча. Шчаслівая доля. Сірочая доля. □ Я задаволены, што нас доля зноў сабрала разам. Гартны. Няўжо ж у яго хопіць адвагі звязаць яе долю з доляй малапрыметнага настаўніка ў гэтай глушы. Колас. Вам на памяць Серп і Молат Даравала доля, Каб з вас кожны быў, як волат, Не гнуў плеч ніколі. Купала. // Шчасце, удача; проціл. нядоля. Разышліся пад гарою тры дарогі ў полі, па якой жа — тая доля, па якой — нядоля... Трус.

3. Р мн. ‑ей. Частка размеру музычнага такта.

4. Р мн. ‑ей. Уст. Мера масы, роўная 44 мг, якая ўжывалася да ўвядзення метрычнай сістэмы.

•••

Быць у долі гл. быць.

Выпасці на долю чыю або каму гл. выпасці.

Ільвіная доля — вялікая частка.

Прыняць у долю гл. прыняць.

дом, ‑а і ‑у; мн. дамы, ‑оў; м.

1. ‑а. Будынак для жылля, размяшчэння устаноў і прадпрыемстваў. Цагляны дом. Будаўніцтва жылых дамоў. □ Дом стаіць воддаль і розніцца ад вясковых хат. Бядуля. Неяк у нядзелю ў Беражках адбылося радаснае гулянне — адразу пятнаццаць калгасных сем’яў спраўлялі ўваходзіны ў новыя дамы. Краўчанка. // перан. Пра ўсё, што можа служыць прытулкам, сховішчам для каго‑, чаго‑н. Гэта звычайная сям’я ў звычайных умовах. Нікуды яны не спяшаюцца: яны ў сваім доме — на лодцы. Маўр.

2. ‑у. Чыё‑н. жылое памяшканне разам з гаспадаркай. Бацькоўскі дом. □ Хто яна і адкуль, Таня сама не ведала. Падабралі яе малую чужыя людзі на вялікай дарозе і далі прытулак у сваім доме. Новікаў. Змарылася... Цяжка старой Тупаць дзень каля дому. Гілевіч. Не спала маці, крактаў на печы бацька. Увесь клопат па дому лёг на яго. Паўлаў. // Сям’я; людзі, якія жывуць у адным памяшканні. Выйсці на суботнік усім домам. □ Пасля такой доўгай разлукі з домам Аленка адчувала сябе шчаслівай. Колас. // перан. Родныя мясціны, родны край. І успомнім былое Народа-героя, Што ў бітвах суровых уславіў свой дом. Колас.

3. ‑а; каго-чаго або які. Як назва дзяржаўнай, грамадскай, культурнай установы, а таксама памяшкання, дзе яна знаходзіцца. Дом калгасніка. Дом мадэлей. Дом культуры. Гандлёвы дом.

4. ‑у. Дынастыя, род. Дом Раманавых.

•••

Дзіцячы дом — вучэбна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей, якія не маюць бацькоў.

Жоўты дом (уст.) — бальніца для душэўнахворых.

Заезны дом — тое, што і заезны двор (гл. двор ​1).

Казённы дом (уст.) — а) афіцыйная дзяржаўная ўстанова або служба ў ёй; б) турма.

Публічны дом — у капіталістычным грамадстве: памяшканне, у якім жывуць і прымаюць наведвальнікаў прастытуткі.

Выносіць смецце з дому гл. выносіць.

На дом — дамоў.

до́ма, прысл.

У сваёй хаце, кватэры, там, дзе жывеш. Нага забалела так, што Цімошку прыйшлося застацца дома і легчы ў пасцельку. Колас. Старога Нахлябіча .. [Балеслаў] застаў дома, на дварэ. Чорны. // У сваёй сям’і, са сваёй сям’ёй. Жыла .. [Марыля] дома пры тату і браце. Брыль. // На радзіме, у родных мясцінах. — А дома там цяпер у нас не гэтак: усё ідзе нанова і добра. Чорны.

•••

Не ўсе дома ў каго гл. усе.

Ні дома, ні замужам — пра няпэўнае становішча каго‑н.

Як дома — свабодна (адчуваць, паводзіць сябе і пад.).

дома... (а таксама дама...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню: а) слову «дом», напрыклад: домабудаўніцтва, домаўласнік; б) слову «дома» (гл. дама...).

домабудава́нне, ‑я, н.

Тое, што і домабудаўніцтва. Цэх буйнапанельнага домабудавання.

домабудаўні́цтва, ‑а, н.

Пабудова, узвядзенне дамоў.

домабудаўні́чы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да домабудаўніцтва. Домабудаўнічы камбінат.

домакіраўні́к, ‑а, м.

Старшы адміністратар домакіраўніцтва.