доля, ‑і, ж.
1. Р мн. ‑ей. Частка чаго‑н. Дзяліць на роўныя долі. ▪ Недалёка грымнула гармата, а праз якую долю мінуты дзесьці побач разарваўся снарад. Маўзон. Андрэй Міхайлавіч зразумеў, нарэшце, з кім мае справу і як трэба надалей трымацца з гэтымі людзьмі, каб хаця ў сотай долі аддзякаваць ім за свой ратунак. Самуйлёнак. У Шарэйкавым параўнанні нейкая доля праўды была. Брыль. // Належная каму‑н. частка чаго‑н., права на ўдзел у чым‑н.; чый‑н. удзел у чым‑н., уклад у што‑н. На балоце за Абадком стаяць два стажкі. У іх і наша доля — паўстажка. Якімовіч. — Не п’ю, але за кампанію... — Васіль дастаў і палажыў на стол сваё сала і хлеб. — Хай і мая доля будзе. Гаўрылкін.
2. Лёс, становішча. Шчаслівая доля. Сірочая доля. ▪ Я задаволены, што нас доля зноў сабрала разам. Гартны. Няўжо ж у яго хопіць адвагі звязаць яе долю з доляй малапрыметнага настаўніка ў гэтай глушы. Колас. Вам на памяць Серп і Молат Даравала доля, Каб з вас кожны быў, як волат, Не гнуў плеч ніколі. Купала. // Шчасце, удача; проціл. нядоля. Разышліся пад гарою тры дарогі ў полі, па якой жа — тая доля, па якой — нядоля... Трус.
3. Р мн. ‑ей. Частка размеру музычнага такта.
4. Р мн. ‑ей. Уст. Мера масы, роўная 44 мг, якая ўжывалася да ўвядзення метрычнай сістэмы.
•••
Быць у долі гл. быць.
Выпасці на долю чыю або каму гл. выпасці.
Ільвіная доля — вялікая частка.
Прыняць у долю гл. прыняць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)