Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго і з дадан. сказам. Задаць каму‑н. пытанне, каб даведацца пра што‑н.; звярнуцца да каго‑н. з пытаннем; папытацца. — А чаму ты, Сцёпка, не вучышся далей? — спытала .. [Аленка]: — ты ж гэтакі здольны? Колас. І кожны, хто мяне спытае, Пачуе толькі адзін крык: Што хоць мной кожны пагарджае, Я буду жыць! — бо я мужык! Купала. [Галіна] міласціва дазволіла мне .. [закурыць] і спытала, чаму я заву гэтую стаянку маёй? Васілевіч. // Апытаць вучня на ўроку. Ішоў урок у гомане і тлуме — Таго спытай, А т[а]му падкажы. Хведаровіч. // (звычайна з адмоўем). Даведацца чыю‑н. думку пра што‑н.; папрасіць дазволу на што‑н. [Клемс:] — Вось намалола, каб табе [жонцы] язык прысох! І чаго ты толькі бурчыш! Зах[а]чу, — пайду і цябе не спытаю. Галавач.

2. што і чаго. Папрасіць што‑н., звярнуцца з якой‑н. просьбай. Некалькі разоў .. [Койфер] хацеў бы[ў] спытаць парады ў Візэнера. Шамякін.

3. перан.; што і чаго. Перажыць, зведаць, зазнаць (гора, турботы і пад.). Хто не спытаў хоць раз трывогі, Жыццю не ведае цаны! Звонак.

4. з каго. Разм. Ускласці на каго‑н. адказнасць за дзеянні, учынкі; спагнаць. Менавіта за ім было апошняе слова і менавіта з яго [Зазыбы] першага маглі спытаць за ўсё як свае, так і фашысты. Чыгрынаў.

спы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Разм. Спрабаваць на смак; каштаваць. Пірагом запах хлеб — хто яго спытваў калі, той пірог. Лобан. // Есці. — Я даўно сала не спытваў, — сказаў тужліва Міхалючок. Чорны.

спытлява́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спытляваць.

спытлява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.

Змалоць і прасеяць папярэдне ачышчанае зерне на мяккую муку. Спытлявалі пшаніцу і раздалі жанкам па хатах, каб напяклі пірагоў і булак. Васілевіч.

спэ́цканы, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спэцкаць.

спэ́цкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Вымазацца, запэцкацца, забрудзіцца.

спэ́цкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Вымазаць, запэцкаць, забрудзіць. Спэцкаць сукенку.

спэ́цкваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спэцкаць.

спява́к, спевака, м.

1. Той, хто ўмее пець, хто добра спявае. З вялікім натхненнем спевака заліваўся Лазар, падаючы свайму голасу самую тонкую лірычнасць. Колас. / Пра пеўчых птушак. Якраз на тое салавейка тут заспяваў [на] поўны голас. Ад Івянца і да Вілейкі не знойдзеш спевака такога. Дубоўка.

2. Той, для каго спевы з’яўляюцца прафесіяй. Оперны спявак. Камерны спявак.

спява́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спяваць.