Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прайгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. што і без дап. Пацярпець паражэнне ў гульні, спаборніцтве, спрэчках і інш. Прайграць матч. □ [Юрась Бабіч] у заклад ішоў са мною і, як бачыце, прайграў. Савіцкі. Бондар бачыў — бой прайгралі. На штурм камяніц ісці нельга... Трэба адыходзіць. Навуменка. [Сымон:] Усё прапала: мы прайгралі. Не даказалі сведкі, свае людзі не даказалі нашае даўнасці на гэтую зямлю. Купала.

2. што. Страціць што‑н., пазбавіцца чаго‑н. у выніку азартнай гульні; прагуляць. Прайграць грошы. □ Казалі, што .. [пан] прайграў сваю зямлю, і ад вялікага маёнтка застаўся ціхі, недагледжаны хутар. Адамчык.

3. што і без дап. Сыграць, выканаць; прымусіць прагучаць. Прайграць пласцінку. □ А восьмай гадзіне на дваровым дзядзінцы прайграў гармонік. Гартны. Акампанемент у складзе банджа, кастаньетаў і некалькіх гітар прайграў уступ усім вядомай песні. Скрыпка.

4. Іграць некаторы час. Прайграць дзве гадзіны на раялі.

прайдзісве́т, ‑а, М ‑свеце, м.

Разм. Пранырлівы, лоўкі, хітры чалавек. Ты ведаеш, Васіль, — да чаго.. [Капейка] дайшоў, — таптацца думаў са мной, як з другімі, кампаніі са мной шукаць!.. Прайдзісвет! Ён мне пра нашых людзей!.. Брыль. [Вяржбіцкі:] — Клікаў — прайдзісвет. І лізаблюд. Прадасць і выменяе, калі нявыкрутка падапрэ. Савіцкі.

прайдо́ха, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑досе, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Тое, што і прайдзісвет. Бяздарны чалавек, прайдоха і лайдак, На нейкі важны баль прабраўся. Корбан.

прайма́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да праняцца.

2. Зал. да праймаць.

прайма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да праняць.

прайсці́, прайду, пройдзеш, пройдзе; пр. прайшоў, ‑шла, ‑ло; заг. прайдзі; зак.

1. Ступаючы, перамясціцца. Праз гэты двор прайсці прыемна: тут відзён клопат, ёсць і план. Колас. Вырашылі даехаць да праспекта і прайсці пехатою. Шыцік. // што. Хадзьбой пераадолець якую‑н. адлегласць. — Засталося прайсці не больш як кіламетры два. Анісаў. Старанна абмацваючы шлях разведкай, [салдаты] прайшлі яшчэ кіламетраў 20. Брыль. Нямала ёсць дарог. Я кожную прайсці Як найхутчэй імкнуся. Танк. // у перан. ужыв. Не доўгі век маіх герояў, Але калі зірнуць назад, То ён падзеямі багат, Не лёгкі шлях прайшлі абое. Колас. // Перамясціцца ў якім‑н. напрамку пехатою з мэтай трапіць куды‑н. Заранік разгублена і крыху спалохана глянуў у глыбіню залы, правёў рукой па непакорных валасах і, утуліўшы галаву ў плечы, прайшоў за стол прэзідыума. Хадкевіч. // што і без дап. Пратанцаваць. Прайсці адзін тур вальса. □ Эх, чаму б з дзяўчынай тою, Што з касою залатою, Не прайсці па крузе мне! Ляпёшкін. // Перамясціцца па якім‑н. шляху (пра які‑н. від транспарту). Цераз мост прайшоў грузавік. Шамякін. На рассвітанні.. [Крамарэвіч] бачыў, як прайшло палявой дарогай многа нямецкіх танкаў. Чорны. // Распаўсюдзіцца (пра чуткі, весткі і пад.). Пад вечар прайшла чутка, што ў ваколіцах вёскі паявіліся конныя польскія легіянеры. Колас. // Прабегчы, пракаціцца (пра шум, крык і пад.). Па зале, як лёгкі павёў ветрыку, прайшоў смяшок. Сабаленка. // перан. Успомніцца, пранесціся перад вачыма. Як часта бывае ў такіх выпадках, перад.. [дзяўчынай] прайшло ўсё яе жыццё. Маўр. // перан. З’явіцца і хутка знікнуць (пра ўсмешку, мімічны рух і пад.). Па твары ў Ганны прайшла вельмі рухавая рыса і знікла. Чорны.

2. што і без дап. Прамінуць каго‑, што‑н. (не затрымліваючыся або празяваўшы). Прайсці паваротку дарогі. □ Хіба ж можна прайсці міма, каб у прыскрынак не зірнуць. Колас. Нічыпар прайшоў міма, так і не адважыўшыся прызнацца, хто ён такі. Асіпенка. // што. Перамяшчаючыся куды‑н., пакінуць за сабой каго‑, што‑н. Ішоў [Ілья] хутка. Стараўся да ночы прайсці хвойнік, дзялянкі, бо далей поле, — смялей... Галавач.

3. Выпасці (пра ападкі). Раніцай прайшоў спорны дождж, і дрэвы абапал дарогі яшчэ не абсохлі. Ваданосаў.

4. Пралезці, прасунуцца праз што‑н. Сухі корань прарваў шынель і прайшоў навылёт. Чорны. // Прасачыцца, выступіць (пра вадкасць). Гімнасцёрку можна было б вывернуць, але гэта нічога не дасць: фарба прайшла наскрозь. С. Александровіч. // што. Рухаючыся наперад, апрацаваць, зрабіць. Я мог араць поле, калоць дровы, прайсці добры пракос, нават мог жаць, малаціць цэпам, але работа ў рэдакцыі мяне палохала і бянтэжыла. Сабаленка. // што. Спец. Рухаючыся ў якім‑н. напрамку ў тоўшчы чаго‑н., прабіць (шлях) або вырубіць, распрацаваць (участак якой‑н. пароды). Прайсці вугальны пласт.

5. Пралегчы, працягнуцца ў якім‑н. напрамку (пра дарогу, тунель і пад.). Чыгунка, што перасякае галоўную вуліцу, мусіць, пройдзе пад ёй або пераступіць цераз яе па віядуку. Карпаў.

6. Аказацца прынятым, залічаным у выніку галасавання, адбору і пад. Прайсці па конкурсу.

7. што або праз што. Падвергнуцца чаму‑н., вынесці што‑н. Краіна мая! Ты прайшла праз агонь, Праз буры, Руіны І росквіт... Глебка. // Перажыць, зведаць, перанесці (які‑н. стан, стадыю). Прайсці загартоўку. □ Паводле дакладных звестак, — Марс старэйшы за нашу планету. Таму ён даўно павінен быў прайсці гэтую фазу развіцця. Шыцік. // Падвергнуцца (разгляду, рэгістрацыі, кантролю і пад.). Паўгода вучыліся дзяўчаты, затым прайшлі самы строгі экзамен. «Звязда».

8. што. Пазнаёміцца з чым‑н., вывучыць што‑н. Першакласнікі прайшлі буквар у першым паўгоддзі. □ [Вучні] паспелі прайсці толькі палову курса. Брыль.

9. што. Выканаць, завяршыць які‑н. курс, тэрмін (вучобы, лячэння і пад.). — Ты ж, як той казаў, чалавек вучоны, рабфак прайшоў. Сабаленка. Практыку прыехалі прайсці Два студэнты, два хлапца з В’етнама. Аўрамчык.

10. Адбыцца, закончыцца з якім‑н. вынікам. Спектакль прайшоў з вялікім поспехам. □ Уборка сена прайшла неўзаметку — і ў гаспадароў, і ў калгаснікаў. Чорны.

11. Мінуць, адысці ў мінулае (пра час, падзеі і пад.). Прайшлі бурлівыя гады, Уціхла бура-навальніца, І ніва жытам маладым Пад вольным ветрам каласіцца. Крапіва. Дажджлівая, шэрая ноч прайшла без трывогі. Брыль. Дзяцінства.. [Андрэя] і першая маладосць прайшлі бесклапотна ў багатых бацькоў. Чорны. // Знікнуць, прапасці. Мацей падняўся, і пакуль улазіў рукамі ў цёплы кажушок і ногі шукалі каля ложка валёнкі, сон прайшоў. М. Стральцоў. // Разм. Перастаць балець. Галава прайшла. / у безас. ужыв. — Калі не ломіць у нагах, можа і пройдзе, не зляжаце... Пташнікаў.

•••

Мароз па скуры (па спіне) прайшоў гл. мароз.

Прайсці (праз) агонь, ваду і медныя трубы — шмат зведаць у жыцці; з поспехам пераадолець цяжкасці.

Прайсці з аншлагам — прайсці з вялікім поспехам (пра спектакль).

Прайсці праз рукі каго, чые — быць некаторы час у распараджэнні, у рабоце і інш. у каго‑н.

прайсці́ся, прайдуся, пройдзешся, пройдзецца; пр. прайшоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. прайдзіся; зак.

1. Зрабіць некалькі крокаў; прагуляцца. [Рэдактар] устаў з-за стала, прайшоўся па кабінеце, потым сеў на крэсла насупроць Зараніка. Хадкевіч. // Пратанцаваць. Надышла чарга і да Ганкі: яе прымусілі танцаваць «Лявоніху», і, саромеючыся, яна прайшлася ў танцы па хаце. М. Стральцоў. / у вобразным ужыв. Вецер прайшоўся па соснах — Па клавішах залатых. Іверс.

2. Падвергнуць якой‑н. апрацоўцы, якому‑н. уздзеянню паверхню чаго‑н. Учора зранку нават так было: задумаўся [Антон] і не заўважыў, як фуганкам залішне прайшоўся. Пальчэўскі.

3. Разм. Хутка правесці рукой па чым‑н. Каля клуба, відаць, на ганку, нехта прайшоўся па нізкіх ладах баяна. Ракітны. Падаючы .. [паштальёну] хлеб, яна адарыла яго такой усмешкай, што ён палічыў патрэбным яшчэ раз прайсціся па сваіх вусах. Лынькоў.

пракава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; ‑куём, ‑куяце; зак., што і без дап.

Каваць некаторы час.

пракаве́тны, ‑ая, ‑ае.

Вельмі стары, даўні, векавечны. Дарога была выкаўзаная, добра пратораная саньмі і зацішная, бо ішла яна дзе чарналессем, а дзе і пракаветным борам. Сабаленка. На вачах выпростваў горад свае пракаветныя крывыя вуліцы, падаваўся ўшыркі, рос угору гмахам новых камяніц. Лынькоў.

пракаве́чны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і пракаветны. [Кузьма:] — Гэта ж у вас гэткія пракавечныя лясы, сенажаці, такая ў вас зямля! Ермаловіч.