прайгра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. што і без дап. Пацярпець паражэнне ў гульні, спаборніцтве, спрэчках і інш. Прайграць матч. □ [Юрась Бабіч] у заклад ішоў са мною і, як бачыце, прайграў. Савіцкі. Бондар бачыў — бой прайгралі. На штурм камяніц ісці нельга... Трэба адыходзіць. Навуменка. [Сымон:] Усё прапала: мы прайгралі. Не даказалі сведкі, свае людзі не даказалі нашае даўнасці на гэтую зямлю. Купала.
2. што. Страціць што‑н., пазбавіцца чаго‑н. у выніку азартнай гульні; прагуляць. Прайграць грошы. □ Казалі, што .. [пан] прайграў сваю зямлю, і ад вялікага маёнтка застаўся ціхі, недагледжаны хутар. Адамчык.
3. што і без дап. Сыграць, выканаць; прымусіць прагучаць. Прайграць пласцінку. □ А восьмай гадзіне на дваровым дзядзінцы прайграў гармонік. Гартны. Акампанемент у складзе банджа, кастаньетаў і некалькіх гітар прайграў уступ усім вядомай песні. Скрыпка.
4. Іграць некаторы час. Прайграць дзве гадзіны на раялі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)