прайсціся, прайдуся, пройдзешся, пройдзецца; пр. прайшоўся, ‑шлася, ‑шлося; заг. прайдзіся; зак.
1. Зрабіць некалькі крокаў; прагуляцца. [Рэдактар] устаў з-за стала, прайшоўся па кабінеце, потым сеў на крэсла насупроць Зараніка. Хадкевіч. // Пратанцаваць. Надышла чарга і да Ганкі: яе прымусілі танцаваць «Лявоніху», і, саромеючыся, яна прайшлася ў танцы па хаце. М. Стральцоў. / у вобразным ужыв. Вецер прайшоўся па соснах — Па клавішах залатых. Іверс.
2. Падвергнуць якой‑н. апрацоўцы, якому‑н. уздзеянню паверхню чаго‑н. Учора зранку нават так было: задумаўся [Антон] і не заўважыў, як фуганкам залішне прайшоўся. Пальчэўскі.
3. Разм. Хутка правесці рукой па чым‑н. Каля клуба, відаць, на ганку, нехта прайшоўся па нізкіх ладах баяна. Ракітны. Падаючы .. [паштальёну] хлеб, яна адарыла яго такой усмешкай, што ён палічыў патрэбным яшчэ раз прайсціся па сваіх вусах. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)