Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спусто́шанасць, ‑і, ж.

Стан маральнага бяссілля; душэўная пустата. «Дождж абмывае вызваленую зямлю», — падумаў Раманенка, і гэтая думка вывела яго з таго настрою душэўнай спустошанасці, якая заўладала ім, калі ён убачыў, што Галіна памірае. Шамякін.

спусто́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад спустошыць.

2. у знач. прым. Зруйнаваны, разбураны. Назаўтра Мікола блукаў па спустошаным і спаленым горадзе, шукаў знаёмых. Якімовіч. // Неўрадлівы (пра глебу). Поле панскае аралі, Секлі [беднякі] тоўстыя камлі І без хлеба паміралі На спустошанай зямлі. Грахоўскі. // перан. Які страціў маральныя сілы, здольнасць да актыўнага, творчага жыцця. Нейкі асаблівы, востры напал ва ўзрушанасці Варановіча працяў і .. [Тодара], ён разам адчуў сябе перад Варановічам бездапаможпым, спустошаным. Дуброўскі.

спусто́шванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спустошваць — спустошыць.

спусто́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да спустошыцца.

2. Зал. да спустошваць.

спусто́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спустошыць.

спусто́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

1. Дайсці да заняпаду. Цяпер Ніне было балюча бачыць, як усё тут спустошылася. Мележ. // перан. Страціць маральныя сілы, здольнасць да актыўнага, творчага жыцця. Душа на гэты кароткі момант як бы зусім спустошылася, каб быць гатовай для напаўнення. Чорны.

2. Стаць неўрадлівым (пра глебу); ператварацца ў пустку. Зямля спустошылася.

3. Стаць пустым, апусцець. Кішэні ўжо спустошыліся.

спусто́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак., каго-што.

1. Зруйнаваць, разбурыць, панесці матэрыяльныя страты. За гэты час .. вайна спустошыла ўсё, а жонку .. [чалавека] спалілі разам з домам. Караткевіч. [Ванэдык:] — Спустошыў жа злыдзень усё, адно вуголле ды бітую цэглу пакінуў. Кулакоўскі. // Разм. Давесці да галечы, беднасці; абабраць. [Карны атрад] арудаваў шмат дзён і выехаў пасля ўжо таго, калі спустошыў і ажабрачыў людзей. Чорны. // перан. Пазбавіць маральных сіл. зрабіць няздольным да актыўнага, творчага жыцця. [Лена:] — Не .. [Мікалай], а нехта чужы, нядобры. Госпадзі, .. як ён сябе спустошыў. Скрыган. Спрэчка з Віктарам спустошыла мяне. Савіцкі.

2. Зрабіць неўрадлівым (пра глебу); ператварыць у пустку. Снарады і бомбы ўсю .. [зямлю] перарылі, спустошылі, пакрылі чорнымі ды ржавымі выпалінамі. Мележ. [Бабуля:] — Трэці дзень не ем я. Гарачыня спустошыла нам землі. Дубоўка.

3. Разм. Знішчыць, звесці са свету. Спустошыць запасы. □ [Кулак Чыкілевіч] думаў аб розных бяздонных правалах зямлі, дзе калгасы асталююцца, аб заразе, якою б можна было б спустошыць усю скаціну ў калгасе. Колас.

спусце́ласць, ‑і, ж.

Разм. Стан спусцелага. У анямелай душы .. [Васіля] была важкая і жорсткая спусцеласць. Мележ.

спусце́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які стаў пустым; апусцелы. У раскулачаны спусцелы дом Прыйшоў Андрэй да кінутай дзяўчыны. З. Астапенка. Чахнуць спусцелым гнёздам Пахмурай парой асенняй. Грачанікаў. // перан. Які страціў маральныя сілы, адчувае душэўную пустату. Доўга ляжала [Ганна] без слёз, ціхая, стомленая, спусцелая. Мележ.

спусце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць пустым, бязлюдным; апусцець. Пасля Глашынага вяселля .. [Акіліна] хадзіла, як сама не свая. Хто яго ведае — ці таму што хата спусцела. Вітка.