Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чалавекалю́бства, ‑а, н.

Кніжн. Любоў да людзей, чалавецтва; гуманнасць. Гуманізм, чалавекалюбства — неад’емная якасць савецкіх людзей. Кудраўцаў.

чалавеканенаві́снік, ‑а, м.

Кніжн. Той, хто ненавідзіць людзей. Тупыя расісты, чалавеканенавіснікі пачыналі з тэрору, з масавых забойстваў. Шамякін.

чалавеканенаві́сніцкі, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Уласцівы чалавеканенавісніку; прасякнуты нянавісцю да людзей, чалавецтва. А побач з гэтым вынікалі чарнасоценныя манархічныя саюзы. На паверхню ўсплывалі такія імёны, як Дубровы, Булацаль, Грынгмут, Пурышкевіч і іншыя людскія пацяробкі. Ім была дана поўная свабода ў іх чалавеканенавісніцкай дзейнасці і агітацыі за цара, за прастол і «ісконныя ўстоі» царскага самаўладства. Колас. На ўзбраенні неафашыстаў усё тая ж .. чалавеканенавісніцкая расавая «тэорыя», звярыны шавінізм і нацыяналізм. Гурскі.

чалавеканенаві́сніцтва, ‑а, н.

Кніжн. Нянавісць да людзей, да чалавецтва. Наказ ваеннай і маральнай перамогі свету сацыялізма і дэмакратыі над светам фашызму і чалавеканенавісніцтва і складае змест, сутнасць аповесці [І. Шамякіна «Помста»]. Дзюбайла.

чалавекападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны на чалавека; які нагадвае чалавека.

•••

Чалавекападобныя малпы гл. малпа.

чалаве́ка-гадзі́на, ‑ы, ж.

Спец. Адзінка ўліку рабочага часу, якая вымяраецца колькасцю працы, выкананай адным чалавекам за адну гадзіну.

чалаве́ка-дзень, ‑дня, м.

Спец. Адзінка ўліку рабочага часу, якая вымяраецца колькасцю працы, выкананай адным чалавекам за рабочы дзень.

чалаве́цтва, ‑а, н.

Усе людзі планеты, чалавечы род, чалавечае грамадства. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя адкрыла новую эру ў гісторыі чалавецтва. □ Чалавецтва прайшло вялікі шлях, і гэты шлях нас вучыць. Чорны. У 2000 годзе чалавецтву для задавальнення яго энергетычнай патрэбы неабходна будзе прыблізна 30×10​10 тон паліва. «Маладосць». // з азначэннем. Вялікая колькасць людзей, частка чалавечага грамадства, аб’яднаная якой‑н., звычайна перадавой ідэяй. Прагрэсіўнае чалавецтва. Міралюбівае чалавецтва. □ Перадавое чалавецтва — Народы ўсіх акрас і моў Злучылі моцна сэрца з сэрцам. А. Александровіч.

чалаве́ча, клічная форма ад наз. «чалавек», м.

Разм. Ужываецца як ласкавы зварот да незнаёмага мужчыны. А неўзабаве [пасажыр] загаварыў да суседа: — Скажы, чалавеча, ты не з Дуплішча? Марціновіч. [Пан:] — Ты, чалавеча, хвацкі майстар, але такую штуку, відаць, не патрапіш зрабіць. «Маладосць».

чалаве́чак, ‑чка, м.

Памянш.-ласк. да чалавек (у 1 знач.). Потым [Віця] ўзяў дубец і намаляваў побач са сваёй школай чалавечка з вялікім партфелем. Каліна. / у пагард. ужыв. — Хітрыў, гад... Баяўся, каб мы не заўважылі яго адсутнасці раней, чым яму трэба было. Подленькі быў чалавечак. Машара. // Пра дзіця. Маленькі чалавечак, загорнуты ў прасцірадлы, захутаны ў кажух, ляжаў там, ляжаў нерухомы, бездапаможны. Лынькоў.