Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сяміто́нны, ‑ая, ‑ае.

Масай у сем тон. // Грузападымальнасцю ў сем тон. Сямітонны грузавік.

сямітыднёвы, ‑ая, ‑ае.

1. Які працягваецца сем тыдняў. Сямітыднёвы адпачынак.

2. Узростам у сем тыдняў. Сямітыднёвае дзіця.

сяміты́сячны, ‑ая, ‑ае.

1. Ліч. парадк. да сем тысяч. Сямітысячны нумар.

2. Які складаецца з сямі тысяч адзінак. Сямітысячнае войска. // Цаною ў сем тысяч. Сямітысячны гарнітур.

сяміцалёвы, ‑ая, ‑ае.

Намерам у сем цалей.

сямія́русны, ‑ая, ‑ае.

У сем ярусаў. Сяміярусная вежа.

сям’я́, і́; мн. се́м’і (з ліч. 2, 3, 4 сям’і́), сяме́й і се́м’яў; ж.

1. Група людзей, якая складаецца з мужа, жонкі, дзяцей і іншых сваякоў, якія жывуць разам. У .. [Міканора] была, па-вясковаму, невялікая сям’я: тры сыны і дачка. Ракітны. За вайну Азаркевіч страціў усю сям’ю. Гурскі.

2. перан.; каго або якая. Група, арганізацыя людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, дзейнасцю, дружбай. З кожным днём расла сям’я будаўнікоў: прыбывалі вялікімі групамі і ў адзіночку хлопцы і дзяўчаты з камсамольскімі пуцёўкамі і з гарачым жаданнем будаваць. Грахоўскі. Гэта быў дзень, калі кожны яшчэ і яшчэ раз адчуў сілу роднага калгаса, адзінства і згуртаванасць дружнай калгаснай сям’і. Краўчанка. Зноў ты будзеш, Беларусь, Квітнець з сям’ёй народаў вольных. Танк.

3. Група жывёл, птушак, якая складаецца з самца, адной або некалькіх самак і дзіцянят, што жывуць разам. І найчасцей сустрэне [Алежка] там ласёў, цэлую іх сям’ю: самца ў гордай кароне рагоў, карову з цялушкай — пасуцца ў драбналессі. Вышынскі. / Пра пчол. Рыгор зазірнуў за імшанік. І тут стаяць два новыя домікі. Не пустыя. Сем’і новыя. Пчол густа-густа. Б. Стральцоў. // Група раслін аднаго віду, якія растуць разам. От .. [малады чалавек] убачыў пры дарозе сям’ю грыбоў. Чорны. Я па лесе іду... Рыжых сосен сям’я Над маёй галавой крылле звесіла. Панчанка. // перан. Сукупнасць аднародных, падобных прадметаў, з’яў. Гара Фазіс. Сівая вершаліна ў сям’і гор Сванетыі. Самуйлёнак.

4. У лінгвістыцы — група роднасных моў. Сям’я славянскіх моў.

сямя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

У батаніцы — плод некаторых раслін, які мае цвёрдую абалонку. Сямянка сланечніку.

сям-та́м, прысл.

Месцамі, у некаторых месцах. Між верб сям-там блішчаць ракіты. Колас. Замест дубровы толькі гнілыя пні сям-там асталіся. Чарнышэвіч. Сям-там з-пад ігліцы вытыркаюцца купкі зялёнак. Навуменка. [Сёмка:] — Каб не зарабіў сям-там у рыскамі — то ў хаце і капейкі не было б. Гартны.