Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спра́ўджвацца, ‑аецца.

Незак. да спраўдзіцца.

спра́ўджваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спраўдзіць.

спра́ўдзіцца, ‑дзіцца; зак.

1. Ажыццявіцца, здзейсніцца; збыцца. Мары тысячагоддзяў Аб светлай долі чалавецтва Спраўдзяцца ў жыцці. Бядуля. [Барашкін] проста верыў у тое, што гэтыя планы павінны абавязкова спраўдзіцца. Савіцкі. — А божачка мой, Кандратка прыйшоў! — з радасці загаласіла.. [маці]. — Сон спраўдзіўся. Лобан.

2. Аказацца правільным, пацвердзіцца. Чуткі пра выклік у камісію спраўдзіліся. Лынькоў. [Рыгорава] падазронасць і здагадка спраўдзіліся. Адамчык. Меркаванне камандзіра брыгады спраўдзілася. Мележ.

спра́ўдзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

1. Ажыццявіць, здзейсніць; выканаць. Помсціць кляўся родны брат І ўсе таварышы яго. І спраўдзяць. Будзе ведаць свет Аб справе слаўных змагароў. Броўка. Валя арганізавала школу, каб толькі спраўдзіць мару. Лужанін. Хадоська выняла з хусткі гасціпчык, дала кожнаму па сушанай грушцы, спраўдзіла матчыну волю — паклала на стол нізку грыбоў. Мележ.

2. Апраўдаць што‑н. (звычайна пра надзеі і пад.). Нічога не кажучы хлопцу аб тым, што ён не спраўдзіў спадзяванняў, майстар пачаў тлумачыць, што трэба рабіць. Шахавец. «Няўжо дачка мяне пакіне?.. Не спраўдзіць бацькавых надзей?..» Аўрамчык.

3. Упэўніцца ў чым‑н., праверыць што‑н. Іван Сымонавіч спраўдзіў: на палях кнігі ажно вунь колькі разоў паўтараецца Міхасёва прозвішча. Брыль.

4. Разм. Правільна прадказаць што‑н. — Глядзіце, хоць раз спраўдзіў наш сіноптык, — сказаў камандзір палка Пішчыкаў, узіраючыся ў акно. Алешка.

спра́ўлены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад справіць.

спраўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да справіцца.

2. Зал. да спраўляць.

спраўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да справіць.

спра́ўна,

1. Прысл. да спраўны.

2. у знач. вык. У парадку. Дзядзька Коля, стоячы збоку, зірнуў адным вокам на пасведчанне — усё спраўна. Дубоўка.

спра́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан спраўнага. Камісар паслаў на мост сапёра, загадаўшы ўважліва агледзець яшчэ раз спраўнасць мініравання. Лынькоў. [Сярго:] Вінтоўкі ў спраўнасці? Патроны ёсць? Глебка.

спра́ўнік, ‑а, м.

Начальнік павятовай паліцыі ў дарэвалюцыйнай Расіі. Выконваць.. загад губернатара прыехаў павятовы спраўнік з прыставам і стражнікам. Лобан.