спецыфі́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць спецыфічнага. Непаўторнасць індывідуальнасці звязана са спецыфічнасцю ўмоў развіцця таленту, з асаблівасцямі яго біяграфіі, характару і іншымі індывідуальна-псіхалагічнымі якасцямі. Івашын.
спецыфі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Характэрны толькі для каго‑, чаго‑н., уласцівы толькі каму‑, чаму‑н.; своеасаблівы. Спецыфічны пах біў у ноздры агранома. Бядуля. — Солі, больш солі трэба да .. [каніны], каб адбіць спецыфічны саладкаваты смак, — адказаў па .. пытанне Кулькін. Машара.
2. Спец. Які мае асобую будову, склад, характар. Спецыфічныя бялкі.
[Ад лац. specificus — відаўтваральны.]
спецыялізава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад спецыялізаваць.
2. у знач. прым. Прызначаны для работы ў спецыяльнай галіне; які мае спецыяльнае прызначэнне. Спецыялізаваны магазін. Спецыялізаванае прадпрыемства. □ У рэспубліцы вызначаны племянныя саўгасы — па адным у кожнай вобласці, куды завозіцца маладняк спецыялізаваных мясных парод. «Звязда».
спецыялізава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; зак. і незак.; на чым, па чым, у чым.
1. Набыць (набываць) спецыяльныя веды, навыкі ў якой‑н. галіне навукі і тэхнікі; набыць (набываць) якую‑н. спецыяльнасць. Проста Алік нават уяўлення не меў аб зборным жалезабетоне; ён спецыялізаваўся ў інстытуце на мантажы катлоў і турбін. Дадзіёмаў. На рэдакцыйнай лятучцы Мацвей Кірылавіч пахваліў мяне і нават выказаў думку, ці не варта мне наогул спецыялізавацца ў гэтым жанры [фельетоне]. Сабаленка.
2. Дзейнічаць, развівацца ў выразна акрэсленым кірунку; мець спецыяльнае прызначэнне. Калгас спецыялізуецца па вытворчасці мяса і малака. «ЛіМ». Перад нашай рэспублікай, якая спецыялізуецца на жывёлагадоўлі, стаяць вялікія задачы па значнаму павелічэнню вытворчасці мяса, малака; яек. «Звязда».
спецыялізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.
1. Даць (даваць) спецыяльныя веды і навыкі ў якой‑н. галіне навукі і тэхнікі; навучыць (навучаць) якой‑н. спецыяльнасці. Спецыялізаваць студэнтаў па тэлемеханіцы.
2. Прызначыць (прызначаць) для работы ў якой‑н. спецыяльнай галіне або для спецыяльнага выкарыстання. Спецыялізаваць магазіны. Спецыялізаваць гаспадаркі на вытворчасці тэхнічных культур.
спецыяліза́цыя, ‑і, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. спецыялізаваць, спецыялізавацца.
спецыялі́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Чалавек, які валодае якой‑н. спецыяльнасцю, мае спецыяльныя веды ў якой‑н. галіне навукі, тэхнікі, мастацтва. Спецыяліст сельскай, гаспадаркі. □ Сахор — вельмі добры электразваршчык, а спецыялісту заўсёды работы хапае. Кулакоўскі. Сямёна Львовіча запрасілі на прыём да кансультанта, вядомага спецыяліста па захворваннях сэрца. Гарбук. [Шарлап:] — Дзед быў спецыялістам па ядзерных рухавіках. Шыцік. // Разм. Добры знаўца чаго‑н., майстар у якой‑н. справе. Найболей грунтоўную дапамогу дзеду аказаў Нявідны, бо ён быў спецыяліст у гэтай справе [мабілізацыі людзей на змаганне з акупантамі]. Колас. З апошнімі словамі Азарчук з майстэрствам спецыяліста ўдарыў Змітрака. Ваданосаў.
спецыялі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да спецыяліст.
спецыя́льна, прысл.
1. Прысл. да спецыяльны.
2. Паглыблена, прафесійна, як спецыяліст. Цётка спецыяльна вывучала .. народную творчасць. Клімковіч. [Маскаленка:] — Там ёсць людзі, якія займаюцца гэтым спецыяльна. Мележ.
3. Выключна, толькі. Пайшлі з Сілачоў... Шляхам, які ад звычайных адрозніш дарог, Што для іх спецыяльна пралёг. Куляшоў. Бацька і не падазраваў, якое месца зойме яго сын у жыцці, што як быццам бы спецыяльна для яго ладкавалася. Лупсякоў.
4. Знарок, з пэўнай мэтай. Відаць, скеміў [снайпер], што ў траншэі камандзір, і спецыяльна пільнаваў, калі ён падыме галаву. Сабаленка. Жыта пасеяна спецыяльна для падкормкі. Паслядовіч.
спецыя́льнасць, ‑і, ж.
1. Асобная галіна навукі, тэхнікі, мастацтва; сфера чыёй‑н. дзейнасці або вывучэння чаго‑н. [Гарлахвацкі:] І спецыяльнасць такую ўдружылі, з якой нікуды не паткнешся — палеанталогія. Крапіва. // Прафесія, асноўная кваліфікацыя. Механік па спецыяльнасці, Гнядкоў хутка пазнаў сакрэт мін і снарадаў і стаў камандзірам групы падрыўнікоў. Шамякін. Там жа, на Урале, Сцяпан займеў спецыяльнасць шахцёра. І працаваў не абы-як. Гроднеў. / у іран. ужыв. [Гаспадыня:] — Ён [Бычкавіцкі] мае спецыяльнасць выслужвацца ў начальства. Бядуля.
2. Уласцівасць спецыяльнага (у 2 знач.). Спецыяльнасць тэрміна.