спадкае́мец, ‑мца, м.
1. Асоба, якая атрымала спадчыну або мае права на яе; наследнік.
2. перан. Той, хто працягвае чые‑н. традыцыі, чыю‑н. дзейнасць.
спа́дкі, ‑аў; адз. няма.
Разм. Маёмасць, якая пасля смерці ўладальніка пераходзіць у карыстанне каго‑н. Калі ж Фэлькі не стала, дык хвалёная багатырка Марыля мігам прыджгала ў Цімкавічы па бацькавы спадкі. С. Александровіч.
спадле́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які спадлеў, стаў нягоднікам.
спадле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Стаць заўзятым нягоднікам.
спадні́зу, прысл.
Знізу, з-пад чаго‑н. Тут Дняпро як загуў, як падняўся да стром.. Сам б’е ў бераг спаднізу, а зверху б’е гром. Лужанін. Помню нясмелую зелень рэдкае травы, першы плач кнігаўкі, узмах спаднізу белага крыла, першую кветку .. на сыпкім пяску ля рэчкі. Адамчык. // Знізу, у ніжняй частцы. Дагледжаны быў і сад — камялькі спаднізу падбелены, голле дзе падпёрта калкамі, а дзе і падвязана за таўсцейшае, больш трывалае. Сачанка.
спадні́ца, ‑ы, ж.
1. Жаночае адзенне, а таксама частка сукенкі ад таліі ўніз. Сынклета Лукічна апусціла галаву і доўга моўчкі перабірала складкі спадніцы. Шамякін. Спадніца і кофтачка, што прынесла маці, былі просценькія, злінялыя. Карпаў.
2. перан. Разм. Пра жанчыну (як прадмет цягі мужчын). На адно ён [Мікіта] здацен — Бегаць за спадніцай. Бачыла. [Сулькіна:] — Самаачыстку трэба весці сістэматычна. Нам таксама неабходна выгнаць усіх тых, якія здольны ганяцца за ўсякаю спадніцаю. Гурскі.
•••
Трымацца за спадніцу гл. трымацца.
спадні́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш.-ласк. да спадніца (у 1 знач.); кароткая спадніца. Па дашчаным тратуары, раз-пораз пырскаючы смехам, выдыбаюць даўганогія дзяўчаты ў кароценькіх спаднічках. Навуменка.
спадні́чнік, ‑а, м.
Кравец, які шые спадніцы.