Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

све́цкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць свецкага (у 1 знач.). Свецкасць манеры. // Паводзіны, манеры, уласцівыя свецкаму чалавеку. // Свецкі ўклад жыцця.

све́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да свету (у 7 знач.). Свецкае жыццё. □ Валуеў перадаў звычайныя свецкія плёткі, каб шэф не заўважыў заклапочанасці. Караткевіч. // Які адпавядае запатрабаванням вышэйшага свету; добра выхаваны. Свецкія манеры. Свецкі тон. □ Яна робіць «кніксен» і ўсміхаецца.. Пасля такога «свецкага этыкету» панна Вікторыя хоча мне пачытаць французскі раман. Бядуля.

2. Не царкоўны, не духоўны; грамадзянскі. Свецкая літаратура. Свецкія помнікі. Свецкая музыка. □ Свецкі напрамак календара адрознівае яго ад звычайных царкоўных календароў таго перыяду, якія з’яўляліся свайго роду ўказальнікамі рэлігійных свят і дат «святых». Алексютовіч.

све́чачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да свечкі (у 1 знач.). Свечачны агарак. // Прызначаны для свечак. Свечачная падстаўка. Свечачнае сала.

све́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Палачка з тлушчавага рэчыва з кнотам усярэдзіне, якая служыць для асвятлення. Стэарынавая свечка. □ Куча саломы ляжала ў адным куце, у другім — гарэла самаробная васковая свечка. Шамякін. Шура чыркнуў запалку і паднёс трапяткі жоўты агеньчык спачатку да Валодзевай свечкі, пасля запаліў сваю. Арабей.

2. Адзінка вымярэння сілы святла. Увечары ў новай Пракопавай хаце ярка гарэла вялікая электрычная лямпачка — у сто пяцьдзесят свечак. Ермаловіч.

3. Медыцынскі прэпарат у выглядзе тлушчавай палачкі, які выкарыстоўваецца пры лячэнні гемарою і пад. Гемараідальныя свечкі.

4. Назва некаторых прыстасаванняў для запальвання гаручай сумесі. Запальныя свечкі рухавіка.

5. (звычайна з дзеясл.: «даць», «рабіць»). Вертыкальны пад’ём, узлёт уверх (мяча, самалёта і інш.). Футбаліст даў свечку. □ Урга злёгку, пужаючы, даў свечку. Потым апусціўся на пярэднія ногі і затанцаваў. Караткевіч. // у знач. прысл. све́чкай. Проста ўверх, вертыкальна. Мяч час ад часу свечкай узлятае над сеткай. Даніленка.

•••

Ні богу свечка, ні чорту качарга — пра пасрэднага чалавека, які не вызначаецца здольнасцямі да чаго‑н.

Прыйсці свечкі тушыць гл. прыйсці.

Са свечкай не знойдзеш гл. знайсці.

све́чнік, ‑а, м.

Абл. Падсвечнік. Унь пакой.. Хіба так можна? Свечка ў свечніку стаіць на падлозе. Паласатая, як арыштанцкая калашына. Цёмная частка — светлая частка, цёмная — светлая. Караткевіч.