свечка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Палачка з тлушчавага рэчыва з кнотам усярэдзіне, якая служыць для асвятлення. Стэарынавая свечка. ▪ Куча саломы ляжала ў адным куце, у другім — гарэла самаробная васковая свечка. Шамякін. Шура чыркнуў запалку і паднёс трапяткі жоўты агеньчык спачатку да Валодзевай свечкі, пасля запаліў сваю. Арабей.

2. Адзінка вымярэння сілы святла. Увечары ў новай Пракопавай хаце ярка гарэла вялікая электрычная лямпачка — у сто пяцьдзесят свечак. Ермаловіч.

3. Медыцынскі прэпарат у выглядзе тлушчавай палачкі, які выкарыстоўваецца пры лячэнні гемарою і пад. Гемараідальныя свечкі.

4. Назва некаторых прыстасаванняў для запальвання гаручай сумесі. Запальныя свечкі рухавіка.

5. (звычайна з дзеясл.: «даць», «рабіць»). Вертыкальны пад’ём, узлёт уверх (мяча, самалёта і інш.). Футбаліст даў свечку. ▪ Урга злёгку, пужаючы, даў свечку. Потым апусціўся на пярэднія ногі і затанцаваў. Караткевіч. // у знач. прысл. свечкай. Проста ўверх, вертыкальна. Мяч час ад часу свечкай узлятае над сеткай. Даніленка.

•••

Ні богу свечка, ні чорту качарга — пра пасрэднага чалавека, які не вызначаецца здольнасцямі да чаго‑н.

Прыйсці свечкі тушыць гл. прыйсці.

Са свечкай не знойдзеш гл. знайсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)