Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пілава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; незак.

1. што і без дап. Рэзаць пілой. Меншыя дзеці капашыліся на агародзе, большыя — пілавалі, калолі і складалі дровы. Гурскі.

2. перан.; каго. Разм. Даймаць, дапякаць бесперапыннымі папрокамі, прыдзіркамі. [Шаройка] не раз пілаваў Паліну за нерашучасць. Шамякін. Зося бесперастанку пілуе.. [Тварыцкага] за тое, што ён апусклівы, маўклівы, прагны. Кучар.

3. што. Тачыць напільнікам; апілоўваць.

пілаві́нне, ‑я, н., зб.

Адходы пры пілаванні; апілкі. Цяпер піла зноў пайшла лягчэй, шпарка рассейваючы дробнае пілавінне. Якімовіч. Няхайчык ачышчае станок ад металічнага пілавіння, змазвае і без гэтага бліскучую паверхню «Ленінградца». Кавалёў.

піламатэрыя́лы, ‑аў; адз. піламатэрыял, ‑у, м.

Спец. Матэрыялы з дрэва, атрыманыя шляхам распілоўкі. Вырастаюць карпусы дрэваапрацоўчага камбіната, які забяспечыць усё будаўніцтва піламатэрыяламі і вырабамі з дрэва. «Беларусь».

пілападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Вострымі выступамі, зубцамі падобны да пілы.

пілара́ма, ‑ы, ж.

Прыстасаванне для распілоўкі бярвення на дошкі, якое прыводзіцца ў рух электраматорам. [Дзямід Сыч:] — Нам трэба устанавіць сваю пілараму, каб не цягаць калод у райпрамкамбінат. Паслядовіч.

пілара́мшчык, ‑а, м.

Разм. Той, хто працуе на пілараме. Сярод простых людзей знайшліся і дзесятнікі, і каменшчыкі, столяры і бетоншчыкі, піларамшчыкі і машыністы. «Беларусь».

пілатава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пілатаваць.

пілатава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пілатаваць.

пілатава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да пілатаваць.

пілатава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

Кіраваць у час палёту самалётам, або іншым лятальным апаратам. Пілатаваў .. [самалёт] Герой Савецкага Саюза капітан Груздзеў. «Звязда».

[Ад фр. piloter.]