Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лямцава́ты, ‑ая, ‑ае.

Які збіўся ў лямец, нагадвае лямец. Лямцаватая тканіна.

ля́мцавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лямцу, звязаны з яго вытворчасцю. Лямцавы цэх. // Зроблены з лямцу. Лямцавы капялюш. Лямцавая падэшва. □ На.. [Рыме] была зялёная вязаная кофта, чорная караткаватая спадніца, а на нагах лямцавыя тапачкі. Лупсякоў.

лямцо́ўка, ‑і, ДМ ‑цоўцы; Р мн. ‑цовак; ж.

Разм. Капялюш, зроблены з лямцу.

ля́мчыцца, ‑чыцца; незак.

1. Збівацца ў лямец, рабіцца лямцам. Воўча лямчыцца.

2. Зал. да лямчыць.

ля́мчыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

Збіваць у лямец, рабіць лямцам. Лямчыць воўну.

лянда́р, ‑а, м.

Уст. Гаспадар, уладальнік карчмы.

ляні́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць лянівага; лянота.

ляні́вец, ‑ніўца, м.

Паўднёваамерыканская млекакормячая жывёліна, якая жыве на дрэвах і слаба прыстасаваная да хадзьбы па зямлі.

ляні́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які схільны да ляноты, ухіляецца ад працы. Хітрым чалавекам стаў сын Амяльяніхі. Ды не толькі хітрым, але і лянівым. Кавалёў. [Барабаха:] — [Наймічка] на ўсе штукі здатная, толькі да работы лянівая. Якімовіч. / у знач. наз. ляні́вы, ‑ага, м. Цяжкая праца толькі для лянівых. Бічэль-Загнетава. Санлівага не дабудзішся, а лянівага не дашлешся. Прыказка. // Які выяўляе ляноту. — Цяпер маю ахвоту ў цяньку пасядзець пад гэтымі дубамі — лянівым і рахманым голасам сказаў Іван Мацкевіч. Бядуля.

2. Вялы, павольны (пра рухі, паходку і пад.). Праз паўгадзіны сяброўкі пляліся ўжо лянівай паходкай людзей, якім няма куды і няма чаго спяшацца. «Звязда». // перан. Які павольна, слаба дзейнічае. Спакойнае мора задумана і ціха плёскала на берагі лянівай белапеннай хваляй. Самуйлёнак. Недалёка за імшыстымі стваламі дрэў паблісквае лянівымі хвалямі рэчка. Нядзведскі.

ляно́к, ‑нку, м.

Памянш.-ласк. да лён. З аднаго боку [сцежкі] высокае, каласістае жыта, з другога — лянок, невялікі яшчэ. Кулакоўскі.