здаро́ўканне, ‑я, н.
Разм. Прывітанне пры сустрэчы з пажаданнем здароўя. — Што скажаш? — пачуўся характэрны голас Гартнага ў адказ на маё здароўканне. Лужанін.
здаро́ўкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм. Вітаць адзін аднаго пры сустрэчы. [Андрыян з Мікульскім] доўга здароўкаліся, усміхаючыся і не разнімаючы рук. Марціновіч. Іван з кім здароўкаўся кіўком галавы, з кім — за руку. Кудравец.
зда́рыцца, ‑рыцца; зак.
1. Мець месца; адбыцца. А тут яшчэ здарыўся выпадак адзін, праз які страцілася ў Міколкі ўсякая вера ў дзедаву храбрасць. Лынькоў. Усе гэтыя дні Аленка была ў нейкім зусім новым для яе настроі. Яе трохі палохалі экзамены — ці мала што можа там здарыцца. Колас. / безас. са злучн. «што». Здарылася, што ў адзін з напружаных для завода момантаў Булай захварэў і праляжаў даволі доўга. Шыцік.
2. безас. з інф. Выпасці на чыю‑н. долю. Здарылася заначаваць аднойчы ў лесе.
3. Нечакана з’явіцца; трапіцца. Тут ужо як чыё шчасце — падарожная машына магла здарыцца і ў першую хвіліну, а магло яе не быць і цэлы дзень. Краўчанка.
здарэ́нне, ‑я, н.
1. Тое, што здарылася; падзея, выпадак (звычайна нечаканыя, непрадугледжаныя). Цікавае здарэнне. Здарэнне ў лесе. □ У жыцці чалавека бывае адзін такі выпадак, адно здарэнне, якое магчыма цягнецца ўсяго некалькі хвілін, але помніш аб ім усё жыццё. Шамякін.
2. Спрыяльны збег акалічнасцей, зручны момант. І калі бацька каго стрэне, Не прапускае ўжо здарэння Спытаць, праведаць аб зямельцы. Колас.
здатанава́цца, ‑нуюся, ‑нуешся, ‑нуецца; зак.
Разм. Збянтэжыцца. [Настаўніца:] — Ну як? Не супярэчыце, калі мы пойдзем з вамі? — Ды не! — засмяяліся.. [хлопцы], але крыху здатанаваліся. Дубоўка.
зда́тачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да здачы (у 1 знач.). Здатачны пункт. // Такі, па якому праводзяць здачу чаго‑н., які выдаецца пры здачы чаго‑н. Здатачная квітанцыя. Здатачны акт.
зда́тнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць здатнага. Такі кірунак думак паказваў на .. [Зосіну] здатнасць думаць і разбірацца ў справах. Чорны.
зда́тны, ‑ая, ‑ае; здацен, ‑тна.
1. Здольны на што‑н., схільны да чаго‑н.; умелы. Здатны да навукі. Здатны да работы. Паказаць, хто на што здатны. □ Спрытна рэжу дол сахою, Здатны ў лузе за касою! Колас.
2. Зручны, прыгодны для чаго‑н. [Іван] пабег па-над .. гіганцкай загародкай, шукаючы якой здатнай для сховы мясціны. Быкаў.
зда́тчык, ‑а, м.
Той, хто здае тавар, прадукцыю, маёмасць. Здатчык збожжа.