Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

горадабудаўні́цтва, ‑а, н.

Мерапрыемствы, звязаныя з будаўніцтвам і добраўпарадкаваннем гарадоў і гарадской гаспадаркі. Захаванне архітэктурнай спадчыны і яе арганічнае ўключэнне ў структуру гарадоў, што павінны быць рэканструяваны, — адна з важнейшых праблем сучаснага горадабудаўніцтва.

горадабудаўні́чы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да горадабудаўніцтва. Горадабудаўнічыя работы.

го́ран, ‑рна, м.

1. Кавальская печ для награвання металу, забяспечаная мяхамі і паддувалам. У кузні было горача. Ярка палала вуголле. У горне ляжаў прадаўгаваты кавалак распаленага дабяла жалеза, ад яго з лёгкім трэскам разляталіся ў бакі блакітныя іскры. Курто. // Спецыяльная печ для абпальвання керамічных вырабаў.

2. перан.; чаго. Цяжкасці, выпрабаванне якія загартоўваюць, робяць стойкім каго‑, што‑н. Паэзія М. Танка.. вытрымала суровыя выпрабаванні, прайшла сапраўдную загартоўку ў горне жыцця. Шкраба.

3. Ніжняя частка доменнай печы, дзе згарае паліва.

гораўтвара́льны, ‑ая, ‑ае.

Звязаны з гораўтварэннем. Гораўтваральныя працэсы.

гораўтварэ́нне, ‑я, н.

Працэс утварэння гор.

го́рац, ‑рца, м.

Жыхар гор, горнай краіны. Паселішча горцаў.

го́рача,

1. Прысл. да гарачы (у 1, 3 знач).

2. безас. у знач. вык. Пра высокую нагрэтасць паветра. На дварэ горача. □ У паветры ўжо адчуваўся подых блізкай восені. Днём усё яшчэ было горача. Затое ноччу дацінаў холад. Асіпенка. Нібы ля сонца, горача на полі, Плугі дымяцца ад гарачыні. А. Астапенка.

3. безас. у знач. вык., каму і без дап. Пра адчуванне кім‑н. гарачыні, якая ідзе ад чаго‑н. моцна нагрэтага. З адчыненых дзвярэй школы валіла пара, горача было сядзець у суконных світках, у кажухах. Лобан. — Горача, — пачуўся з-за коміна звонкі дзіцячы голас. Чорны. // Пра адчуванне гарачыні ў целе ад наплыву моцных пачуццяў, перажыванняў і пад. Ад радасці ўнутры горача робіцца. Бядуля. [Візэнеру] рабілася і горача і холадна, калі ён думаў аб гэтай звышснайперскай кулі нябачнага стралка. Шамякін.

4. безас. у знач. вык., каму і без дап. Цяжка, многа бяды, клопату. Натхніцелі санацыйнага рэжыму добра разумелі, што заўтра ім будзе яшчэ больш горача на «крэсах усходніх», чым сёння, і гэта парахавая бочка рана ці позна павінна будзе, нарэшце, узарвацца. Майхровіч.

•••

Аж небу горача (стане, будзе і пад.) — пра самую высокую ступень інтэнсіўнасці якога‑н. дзеяння або дзейнасці. — І потым наносім такія моцныя ўдары, што аж небу горача робіцца, — лічачы, што размова скончана, устаў Карніцкі. Паслядовіч.

Ні холадна ні горача каму — пра раўнадушныя адносіны, адсутнасць цікавасці да чаго‑н. Дзед Астап проста сніць свае турэцкія баталіі, ад якіх цяпер нікому ні холадна ні горача. Лынькоў.

го́рачка 1, ‑а, н.

Разм. і нар.-паэт. Памянш.-ласк. да гора.

го́рачка 2, ‑і, ж.

Памянш.-ласк. да гара; горка ​1.

гора-...

Іран. Першая частка складаных слоў, якая абазначае: «дрэнны», «незадачлівы», напрыклад: гора-кіраўнік, гора-тэарэтык.

горб, гарба, м.

1. Ненармальная пукатасць на спіне або на грудзях чалавека, якая ўтвараецца ад скрыўлення пазваночніка або грудной клеткі. За вайну Якім яшчэ больш падаўся, ссутуліўся, і ад гэтага горб на яго спіне здаваўся больш крутым, чым раней. Парахневіч. // Тлушчавы нараст на спіне некаторых жывёл, напрыклад вярблюда. // Разм. груб. Спіна. За жыццё памясіў я нямала балот, панасіў на гарбу я нямала турбот. Дубоўка.

2. чаго. Пукатасць, узвышэнне на якой‑н. паверхні. Дзе-нідзе на палях агаліліся рыжыя гарбы узгоркаў. Пянкрат. Крыху правей, куды вядзе аўтастрада, чарнее горб маста. Карпюк.

•••

Гнуць горб гл. гнуць.

Сваім гарбом — цяжкай працай (жыць, зарабляць, здабываць і пад.).