спрага́ць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спрэгчы 1.
спрага́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.
У граматыцы — змяняць дзеяслоў па асобах, ліках і часах.
спрадава́ць, ‑даю, ‑даеш, ‑дае; ‑даём, ‑даяце, ‑даюць.
Незак. да спрадаць 1.
спрада́цца, ‑дамся, ‑дасіся, ‑дасца; ‑дадзімся, ‑дасцеся, ‑дадуцца; пр. спрадаўся, ‑далася, ‑лося; зак.
Разм. Прадаць усю сваю маёмасць, усе свае тавары. Жонка Усцінава, Ганна, хуценька спрадалася, за сваіх хлапчукоў ды таксама — туды. Ракітны.
спрада́ць 1, ‑дам, ‑дасі, ‑дасць; ‑дадзім, ‑дасце, ‑дадуць; пр. спрадаў, ‑дала, ‑ло; зак., каго-што.
Прадаць усю маёмасць дарэшты (звычайна па частках). Раней у .. [Якава] была свая хата, зямля, гаспадарка неблагая, але ўсё гэта ён спрадаў, калі жонка захварэла на сухоты. Каліна.
спрада́ць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спрасці.
спрадве́ку, прысл.
З незапамятных часоў, здаўна; заўсёды. [Жанчына:] — Пётру? Ай, дык яго ж тут ведаюць, мы ж тут спрадвеку жывём, нашай жа тут радні паўсяла. Быкаў. Зямля сыноў! Зямля бацькоў! Што даражэй для чалавека!.. З усіх вышынь, З усіх бакоў Яна мілейшая спрадвеку. Тармола.
спрадве́чна, прысл.
Тое, што і спрадвеку. Бацькоўскі кут, як любы ты спрадвечна! Бялевіч.
спрадве́чнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць спрадвечнага.
2. Быццё. Злівайся зноў з сям’ёю рыб лятучых, З хмар навальнічных дажджавой вадой. Плыві і падначальвайся парадку Спрадвечнасці — пірогі без грабца — Дзе ўжо, здаецца, і табе пачатку Няма і не прадбачыцца канца. Куляшоў. // Тое, што існуе здаўна. І вось робіцца цуд. Раптам сярод гэтай спрадвечнасці вы бачыце новенькі дах дома, што высіцца над макаўкамі лістоўніц і сосен. Скрыган.
спрадве́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ідзе ад вякоў, не перастае існаваць; адвечны. Большая частка .. [выспы] пакрыта спрадвечнымі льдамі, а на меншай жывуць эскімосы і наезджыя каланісты-датчане. Дубоўка. Яно спакойнае, урачыстае, спрадвечнае жнівеньскае неба. Навуменка. Гудзе зямля, звіняць прасторы на свой стары, спрадвечны лад. Колас. Усё ішло само па сабе, падпарадкоўваючыся спрадвечным законам. Чаркасаў. // Шматвяковы, векавы; вельмі стары. Спрадвечны бор. □ Вецер ідзе над лесам, трашчыць і гудзе ў верхавінах спрадвечных дрэў. Чорны. Спрадвечныя дубы лёгка ўзнімаюць угору на сваіх гранітных ствалах цяжкія кроны. Паслядовіч.
2. Які існуе здаўна; старадаўні. Дзяды дзяўбуць ночвы ці выразаюць лыжкі; бабулі і мамы развешваюць ад елкі да бярозкі памытую бялізну, а ў нядзельныя раніцы, па старому, спрадвечнаму звычаю, пякуць у зямлянках аладкі для ўнукаў і дзяцей. Брыль. // Які вельмі даўно мінуў, вельмі даўні. Рабілі рупна і з веданнем, як робяць з часоў спрадвечных другія зямныя справы. Вярцінскі.
3. Карэнны, пастаянны, асноўны. Белавежскія зубры, спрадвечныя жыхары старадаўніх лясоў, знаходзяцца зараз і на беларускім баку пушчы. В. Вольскі. Была яшчэ адна немалаважная прычына: спрадвечнаму земляробу цяжка прызвычаіцца да гарадскога жыцця. С. Александровіч.
спра́дзены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад спрасці.
спраектава́ны 1, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад спраектаваць 1.
спраектава́ны 2, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад спраектаваць 2.