Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спіса́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. спісаць (у 4, 5 знач.) і спісацца (у 2 знач.).

спі́саны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад спісаць.

2. у знач. прым. Непатрэбны, нягодны. І трактар спісаны, стары Стаяў ля гаража, гатовы ў адпраўку На пераплаўку. Корбан.

3. у знач. прым. Запоўнены пісьмовымі знакамі. Майка перадала Васілю Іванавічу спісаны лісток паперы. Лынькоў.

спіса́цца, спішуся, спішашся, спішацца; зак.

1. Звязацца з кім‑, чым‑н. праз перапіску. [Салдат:] — Мяне цягнік чакае... А вось адрасок ваш дайце. Можа, спішамся як. Сачанка. [Максім Сцяпанавіч:] — Варта б з Горкаўскім і іншымі заводамі спісацца. Карпаў.

2. Звольніцца (з карабля, авіяцыйнай часці і пад.); выйсці ў запас. Не дзеля таго.. [Крывахіж] пайшоў у знішчальную авіяцыю, каб праз паўгода спісацца. Алешка. // перан. Перастаць актыўна працаваць, дзейнічаць. Равеснік паснуўшых у брацкіх магілах, не спішацца ён аніколі ў запас. А. Вольскі.

3. Зрасходавацца пры пісьме; прыйсці ў непрыгоднасць (пра карандаш, пяро і пад.). Карандаш спісаўся.

спіса́ць, спішу, спішаш, спіша; зак., каго-што.

1. Перапісаць з арыгінала які‑н. тэкст; зрабіць рукапісную копію чаго‑н. Спісаць з дошкі ўмову задачы. Спісаць вершы з кнігі ў сшытак. Спісаць расклад лекцый. // Намаляваць, скапіраваўшы (карціну і пад.). Спісаць пейзаж Левітана. // Перапісаць што‑н., напісанае кім‑н. іншым, выдаючы за сваё. На ўроках [Кандрат] — майстра на падгляд. Заўжды спісаць у сябра рад! Хведаровіч.

2. з каго-чаго. Паказаць (у літаратуры, жывапісе), выкарыстаўшы каго‑, што‑н. як прататып, натуру. Спісаць героя рамана са знаёмага чалавека.

3. Скласці пералік каго‑, чаго‑н., запісаць у спіс. [Шарон:] Мне трэба ведаць, хто і колькі іх. Спішы мне зараз, Мітрафан, усіх! Танк.

4. Дакументальна афармляючы, запісаць як зрасходаванае або нягоднае. Спісаць устарэлую тэхніку. □ [Майстар:] — Ладна ўжо, спішам гэты твой разец — ніхто і ведаць не будзе. Асіпенка. Тунякоў такія штукі мог рабіць адмыслова: спісаць збожжа ці яшчэ што як бракованае, а потым сплавіць налева. Радкевіч. // Ускласці на каго‑, што‑н. адказнасць за што‑н. (часцей за знішчэнне, пашкоджанне і пад. чаго‑н.). [Следчы да Сотнікава:] — Не выдасі ты — другі нехта выдасць. А спішам на цябе. Быкаў. Відаць, не першы ты, хто ўсе выдаткі Хацеў бы на мінулае спісаць. Пысін. // Лічыць несапраўдным, скасаваць (доўг, запазычанасць і пад.). Спісаць запазычанасць. // Разм. Зняць у якасці спагнання. [Карова] .. цэлую ноч жэрла .. кіяхі. З Піліпкі за гэта цэлых пяць працадзён спісаў брыгадзір. Навуменка.

5. Звольніць (з карабля, авіяцыйнай часці і пад.); адправіць у запас. Спісаць з карабля. □ Як спісалі [Аўсяніка] з авіяцыі, .. як апусцелі кішэні, як спусціўся на зямлю механікам у нейкі задрыпаны гараж, так і сяброў тых не стала. Васілевіч. — Вось так я, малады чалавек, і ваяваў, — кажа цесць зусім ціха. — Пасля вайны мяне спісалі ў запас на адпачынак. Хомчанка.

6. Запоўніць пісьмовымі знакамі (аркуш паперы, сшытак і пад.). Пісаў .. [Валодзя] доўга.. Спісаў шмат старонак. Шамякін. Увесь вялікі ліст спісалі, хто алоўкам, хто чарнілам, хто прозвішча паставіў, а хто крыжыкі. Брыль.

7. Разм. Зрасходаваць на пісанне. Спісаць аловак. □ Колькі мы спісалі паперы, колькі ў раён папахадзілі! Ракітны.

8. перан. Разм. Збіць, спаласаваць. — Вось каб яго [Юрку] палажыў на лаўку ды дубцамі спісаў, каб дзве нядзелі сядзець не мог,.. — сярдзіта прабасіў суддзя. Чарот. Адам упаў у капу кулёў і не вельмі выцяўся, паабдзіраў толькі рукі, спісаў калючай саломай твар. Сабаленка.

•••

Спісаць у расход — у бухгалтарскай справе — ліквідаваць, знішчыць.

Спісаць у архіў — тое, што і здаць у архіў (гл. здаць).

спі́сачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да спіса (у 1 знач.).

спі́сванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. спісваць — спісаць (у 1–7 знач.).

спі́свацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да спісацца.

2. Зал. да спісваць (гл. спісаць у 1–7 знач.).

спі́сваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спісаць.

спі́ткі, ‑аў; адз. няма.

Разм. Недапітыя рэшткі чаго‑н.

•••

Спіткі-з’едкі — рэшткі яды.

спі́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спіць.