Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спецста́ўка, ‑і, ДМ ‑стаўцы; Р мн. ‑ставак; ж.

Спецыяльная, асобая павышаная стаўка заработнай платы, якая назначаецца пэўным катэгорыям спецыялістаў.

спе́цца, спяюся, спяешся, спяецца; спяёмся, спеяцеся; зак.

1. Дасягнуць зладжанасці ў сумесным спеве, навучыцца зладжана спяваць разам. Пяюць з ахвотай, самааддана, хоць галасы нязладжаныя — не паспелі спецца. Навуменка.

2. перан. Разм. Дасягнуць узгодненасці ў дзеяннях, учынках, адзінства ў поглядах. Ну і спеліся яны... Мяжэннага нельга ўявіць без Рэпікава, як Рэпікава без Мяжэннага. Гроднеў.

спецшко́ла, ‑ы, ж.

Спецыяльная школа для падрыхтоўкі курсантаў ваенных вучылішчаў. // Школа спецыяльнага прызначэння наогул.

спе́цыі, ‑ый; адз. спецыя, ‑і, ж.

Вострыя пахучыя прыправы (гарчыца, перац, ваніль, карыце, лаўровы ліст, шафран), якія кладуцца ў ежу для лепшага яе смаку. З катла падымалася гарачая пара, духмяная і смачная — мабыць, у шмал[е]ц немцы клалі нейкія спецыі. Асіпенка.

[Лац. species.]

спецы́фіка, ‑і, ДМ ‑фіцы, ж.

Адметныя асаблівасці прадмета ці з’явы; тое, што характэрна для чаго‑н. Спецыфіка мастацтва. □ Тэхніка лоўлі кожнай з гэтых [драпежных] рыб мае сваю спецыфіку, свае правілы. Матрунёнак. Асаблівасці займеннікаў як часціны мовы абумоўліваюць і спецыфіку іх сінтаксічнага ўжывання. Граматыка.

спецыфікава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спецыфікаваць.

спецыфікава́цца, ‑куецца; незак.

Зал. да спецыфікаваць.

спецыфікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак., што.

Спец.

1. Зрабіць (рабіць) спецыфікацыю (у 1 знач.) чаго‑н.; класіфікаваць. Спецыфікаваць драўніну.

2. Скласці (складаць) спецыфікацыю (у 2 знач.). Спецыфікаваць прыбор.

спецыфіка́тар, ‑а, м.

Той, хто займаецца спецыфікацыяй якіх‑н. матэрыялаў.

спецыфіка́цыя, ‑і, ж.

1. Вызначэнне і пералік спецыфічных асаблівасцей чаго‑н.; размеркаванне на разрады, групы ў адпаведнасці са спецыфічнымі асаблівасцямі; класіфікацыя. Спецыфікацыя машын.

2. Тэхнічны дакумент, у якім ёсць пералік часцей і дэталей якога‑н. вырабу, а таксама ўказанні на іх колькасць, вагу, сорт і пад.; дакумент з пералікам умоў, якім павінен адпавядаць заказаны прадмет. Скласці спецыфікацыю на абсталяванне. □ [Барыс:] — Братка ты мой, колькі ж там клопату! Адгрузка, пагрузка, прыемна, разнарадкі, накладныя, спецыфікацыі — што, куды, як? — чорт яго разбярэ. Скрыган.

[Ад лац. species — від, разнавіднасць і facio — раблю.]