Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

со́нца, ‑а, н.

1. Цэнтральнае нябеснае цела Сонечнай сістэмы, якое з’яўляецца гіганцкім вогненным шарам, што вылучае святло і цяпло. Вярчэнне Зямлі вакол Сонца. □ Сонца падымалася неяк марудна, раса ападала паволі. Колас. Вызначаючы кароткі начны шлях.. летняга сонца, на поўначы святлела паласа .. зары. Брыль. Стала душна, як толькі ўзышло сонца. Самуйлёнак.

2. Святло, цяпло, якое вылучаецца гэтым свяцілам. Загараць на сонцы. Сушыць на сонцы. □ Уся вуліца была заліта першым сонцам. Чорны. Маёр.. з асалодай падстаўляе сонцу мускулістыя рукі і грудзі. Брыль. Прыжмурыўшыся ад яркага паўдзённага сонца, Васіль зірнуў на неба. Якімовіч. // Пра сонечнае надвор’е. Заўтра будзе сонца і вецер. Бядуля.

3. перан. Пра што‑н., што з’яўляецца крыніцай жыцця, шчасця каго‑, чаго‑н. Сонца свабоды заззяла Краю лясоў і балот. А. Александровіч. Украіна і Беларусь, як і ўсе рэспублікі Савецкага Саюза, расквітнелі пад сонцам новага жыцця, народжанага рэвалюцыяй. Бярозкін. // Пра таго, хто з’яўляецца прадметам пакланення, захаплення. І ўжо з Сімбірска крочыў чалавек Насустрач сонцу, каб ярчэй заззяла. І сам ён сонцам стаў для нас навек, Нам імя Ленін Самым родным стала. Прыходзька.

4. Цэнтральная планета іншых планетных сістэм.

5. Пэўны пакрой спадніцы.

6. Гімнастычнае практыкаванне на турніку.

•••

Да сонца, з сонцам (устаць, падняцца і пад.) — да ўсходу сонца, да святла; вельмі рана.

Месца пад сонцам гл. месца.

Па сонцы — арыентуючыся на сонца, вызначаючы шлях па месцазнаходжанню сонца.

сонца... (а таксама санца...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «сонца», напрыклад: сонцалячэнне, сонцастаянне.

сонцаахо́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які захоўвае ад сонца, прызначаны для аховы ад сонца. Сонцаахоўныя акуляры.

сонцаваро́т, ‑у, М ‑роце, м.

Разм. Народная назва сонцастаяння. Адсюль пачаўся вялікі сонцаварот: ноч пайшла на спад, а дзень у рост. «Звязда».

сонцалюбі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які расце там, дзе многа сонца; які любіць сонца. Сонцалюбівыя расліны.

сонцалячэ́нне, ‑я, н.

Выкарыстанне праменнай энергіі сонца ў лячэбных і прафілактычных мэтах.

сонцастая́нне, ‑я, н.

Момант праходжання Сонца праз самую паўночную або самую паўднёвую кропку экліптыкі. Зімовае сонцастаянне (21–22 снежня, калі дзень пачынае большаць). Летняе сонцастаянне (21–22 чэрвеня, калі дзень пачынае меншаць).

со́нцаў, ‑ава.

Разм. Які належыць сонцу. І плод у сонцавым падоле за агаро[д]жай спеліць сад. Колас. Першыя краскі нясмела цягнуцца насустрач сонцаву воку. Лынькоў.

со́ня, ‑і.

1. м. і ж. Разм. Чалавек, які любіць спаць, многа спіць. — А дзе Ліда? — Спіць яшчэ. — О-о, соня, — нібы здзівіўся.. [Васіль] і падышоў да ўваходу ў другі пакой. Федасеенка.

2. ж. Невялікая жывёліна атрада грызуноў, якая праводзіць зіму ў спячцы.

со́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

1. Назва невялікай гары конусападобнай або круглаватай формы на Далёкім Усходзе, у Сібіры. Раніца была невясёлая. Над самымі вяршынямі сопак віселі шэрыя хмары. Бяганская.

2. Назва вулкана на Камчатцы і Курыльскіх астравах, гразевага вулкана на Каўказе. Ключаўская сопка.