сне́жніца, ‑ы, ж.
Вада на лёдзе, што ўтварылася ад раставання снегу, які ляжаў на паверхні лёду.
сне́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да снегу; які з’яўляецца снегам. Снежныя гурбы. Снежныя хмары. □ Дзе-нідзе трэсне ад марозу галінка, сарвецца снежны ком з яловай лапы, і зноў усё ціха, ціха. Лынькоў. Лес, пакрыты снежнай коўдрай, стаяў маўклівы, задумлівы... Шамякін. З галінак асыпаўся бліскучы снежны пыл. Шыцік. // Зроблены з снегу, у снезе, на снезе. Снежны домік. Снежная нара. Снежная дарога.
2. Багаты на снег. Снежная зіма. □ Успамінаюцца марозныя, снежныя ночы, цёплая печ і цягучы голас бабулінай песні. Брыль. Другая палова лютага 1929 года была сцюдзёнай і снежнай. Машара.
3. Пакрыты снегам. Снежнае поле. Снежныя горы. □ Снежная паляна, Снег блішчыць ў імгле. Бядуля.
4. Падобны на снег (колерам, выглядам). Снежнае палатно. Снежныя зубы. □ Снежная белізна была такой яркай, што ажно балюча стала вачам. Шахавец.
сне́нне, ‑я, н.
Разм. Сон. Няўжо то праўда, а не сненне, І мара йдзе ў ажыццяўленне? Колас.
сні́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Шматгадовая травяністая расліна сямейства парасонавых з буйнымі лісцямі і белымі кветкамі.
сні́цца, снюся, снішся, сніцца; незак.
Бачыцца ў сне, мроіцца. Пачало цягнуць да мора, снілася яно па начах. Кулакоўскі. [Максім:] — Кароў, кароў! Табе, Кацярына Васільеўна, толькі каровы і сняцца. Шамякін. Ці харошыя сняцца сны, Ці чуваць табе шум лясны? Бураўкін. / у безас. ужыв. Вярзецца — ні то сніцца, ні то думаецца Агею пра тое страшнае, што здарылася з ім у асеннюю раніцу, калі ўсе Мядзеедзічы ўзбуджаны былі пакражаю чацвярых коней. Крапіва.
•••
І (у сне) не снілася — пра тое, чаго нельга было ўявіць, прадбачыць. Вось.. [Аленка] што зробіць: яна возьме сваю кнігу, а такая кніга.. [Сцёпку] і не снілася, і пойдзе сабе пад магазін чытаць. Колас.
сніць, сню, сніш, сніць; незак., каго-што, аб кім-чым, з дадан. сказам.
1. Бачыць сон (сны), бачыць у сне. — Я цябе сніла, мама. Не адзін раз, а многа! Брыль. Людзі былі ў тым стане зморанасці, калі чалавек можа заснуць ідучы ці зусім паваліцца ў гразь і праз хвіліну сніць, што ляжыць у мяккім ложку. Шамякін. Бо хто калі сніў, ды і хто калі думаў, Што буду я вольны, што буду шчаслівы. Купала. / у перан. ужыв. Прасторы бязмежныя спяць аб вясне... Куляшоў. Надакучыла ноччу марознаю Вішням сніць аб далёкай вясне. Лойка.
2. перан. Марыць аб чым‑н., спадзявацца на што‑н. Мільгаюць мошкі і стракозы, А ты [Сымон] сядзі ды мары сні. Колас.
•••
І не сніў (сніла) — і не думаў (думала) пра што‑н. Дзень у дзень Я ў полі Працаваў сяўбою. І не сніў ніколі Стрэцца тут з табою. Гілевіч.
сноб, ‑а, м.
1. У буржуазна-дваранскім грамадстве — чалавек, які слепа трымаецца моды, густаў і манер «вышэйшага свету».
2. Чалавек, які беспадстаўна прэтэндуе на вытанчаны густ, манеры, асобую інтэлектуальнасць і пад.
[Англ. snob.]
сноп, снапа; мн. снапы, ‑оў; м.
1. Звязаны пук зжатых сцёблаў збажыны і некаторых іншых культур. [Аня] паволі перавязала хустку, устала са снапа, выпіла з гладышкі цёплай вады і падалася да сястры жаць. Мележ. Жанкі на густым жыце панажыналі па пяцьдзесят снапоў. Мурашка. // чаго. Вялікі пук, бярэмя якіх‑н. раслін. Цэлы сноп .. [кветак], белых, светла-ружовых, малінавых, стаяў на стале. Васілевіч.
2. перан.; чаго. Паток чаго‑н. (праменяў, іскраў і пад.), які разыходзіцца пучком. Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых праменяў. Колас. Угору шугануў сноп іскраў. Ваданосаў.
•••
Як сноп (паваліцца, упасці і пад.) — усім целам, цяжка (паваліцца, упасці і пад.).
снопавяза́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Сельскагаспадарчая ўборачная машына, якая вяжа сцёблы збажыны ў снапы. Старшыні скардзяцца, што шпагатам сельмаг не забяспечыў. Няма чым снопавязалкі запраўляць. Лобан.
снопавяза́льны, ‑ая, ‑ае.
Які прызначаны, служыць для вянкі снапоў. Снопавязальны апарат камбайна.