сніць, сню, сніш, сніць; незак., каго-што, аб кім-чым, з дадан. сказам.
1. Бачыць сон (сны), бачыць у сне. — Я цябе сніла, мама. Не адзін раз, а многа! Брыль. Людзі былі ў тым стане зморанасці, калі чалавек можа заснуць ідучы ці зусім паваліцца ў гразь і праз хвіліну сніць, што ляжыць у мяккім ложку. Шамякін. Бо хто калі сніў, ды і хто калі думаў, Што буду я вольны, што буду шчаслівы. Купала. / у перан. ужыв. Прасторы бязмежныя спяць аб вясне... Куляшоў. Надакучыла ноччу марознаю Вішням сніць аб далёкай вясне. Лойка.
2. перан. Марыць аб чым‑н., спадзявацца на што‑н. Мільгаюць мошкі і стракозы, А ты [Сымон] сядзі ды мары сні. Колас.
•••
І не сніў (сніла) — і не думаў (думала) пра што‑н. Дзень у дзень Я ў полі Працаваў сяўбою. І не сніў ніколі Стрэцца тут з табою. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)