сноп, снапа; мн. снапы, ‑оў; м.

1. Звязаны пук зжатых сцёблаў збажыны і некаторых іншых культур. [Аня] паволі перавязала хустку, устала са снапа, выпіла з гладышкі цёплай вады і падалася да сястры жаць. Мележ. Жанкі на густым жыце панажыналі па пяцьдзесят снапоў. Мурашка. // чаго. Вялікі пук, бярэмя якіх‑н. раслін. Цэлы сноп .. [кветак], белых, светла-ружовых, малінавых, стаяў на стале. Васілевіч.

2. перан.; чаго. Паток чаго‑н. (праменяў, іскраў і пад.), які разыходзіцца пучком. Майскае сонца высока стаяла ў ясным небе, кідала на зямлю снапы гарачых праменяў. Колас. Угору шугануў сноп іскраў. Ваданосаў.

•••

Як сноп (паваліцца, упасці і пад.) — усім целам, цяжка (паваліцца, упасці і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)