Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

снег, ‑у, М снезе; мн. снягі, ‑оў; м.

Атмасферныя ападкі ў выглядзе белых камячкоў, якія складаюцца з крышталікаў, падобных на зорачкі. Падаў першы снег, весела мітусіліся ўвішныя сняжынкі, усцілалі перад .. [Васілём і Лідай] шлях. Мележ. Засвістаў і загуў у камінах зімовы вецер; камякамі пухкімі, мокрымі снег паваліў. Мурашка. // Суцэльная маса такіх ападкаў, што пакрывае якую‑н. прастору. Як толькі згоніць снег,.. [Самабыль] зараз жа выходзіць у свой гародчык, дзе ста[я]ць сліва, ігруша і дзве яблыні, і тут распачынае работу. Колас. Ногі коўзаліся па сухім спрасаваным снезе. Шамякін. Зімой суровыя завеі намяталі высокія гурбы снегу. В. Вольскі.

•••

Зімой снегу не дастаць гл. дастаць.

Снег саломаю тушыць гл. тушыць.

Як леташні снег (патрэбен) — зусім не патрэбен.

Як снег на галаву — зусім нечакана, раптоўна (з’явіцца, прыбыць і пад.).

снега...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «снег», напрыклад: снегаачыстка, снегапад, снегазатрыманне.

снегаахо́ва, ‑ы, ж.

Ахова чыгунак, дарог і пад. ад снегавых заносаў.

снегаахо́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для аховы дарог ад снежных заносаў. Вагон дружны, дровы хлопцы дастаюць. У справу ідуць снегаахоўныя шчыты, уцалелыя парканы. Навуменка.

снегаачы́стка, ‑і, ДМ ‑тцы, ж.

Расчыстка вуліц, дарог і пад. ад снегу. Арганізаваць снегаачыстку.

снегаачышча́льнік, ‑а, м.

Машына, прыстасаванне для ачысткі ад снегу вуліц, плошчаў, дарог і пад.

снегаачышча́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для ачысткі ад снегу. Снегаачышчальная машына. Снегаачышчальны плуг.

снегава́л, ‑у. м.

Выварочванне дрэў з коранем пад цяжарам асеўшага на кронах снегу.

снегаво́р, ‑а, м.

Сельскагаспадарчая прылада для ўтварэння снежных валоў, што затрымліваюць снег на палях.

снегавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да снегу; з снегу, з снегам. Снегавыя сумёты. Снегавая лінія. Снегавыя хмары. □ Тысячамі дарог і ў розных кірунках збягае вясною снегавая вада. Колас. Шмат дзён было такіх — хмурных, снегавых і мокрых. Чорны. // Зроблены з снегу, у снезе; снежны. Зрабіць снегавую гару. Снегавая хатка. Снегавая баба.

2. Пакрыты снегам. Высокія горы са снегавымі вяршынямі. □ Бязлюднае снегавое поле супакойвала. Гарэцкі.

3. Прызначаны для збірання і пад. снегу. Снегавы шчыт. Снегавая машына.

4. Падобны колерам на снег. З чупрынай белаю, як лунь, І з барадою снегавою, Зямлёй прапах[л]ы і сасною, Ён [мужык] пільна ўсё глядзіць на рунь. Багдановіч.