славі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да славіст.
славі́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
Тое, што і славяназнаўства. Гэтая праца [В. І. Баркоўскага «Сінтаксіс старажытных грамат»] мае выключна важнае значэнне не толькі для рускага, беларускага і ўкраінскага мовазнаўства, але і для славістыкі ўвогуле. «Полымя».
славісты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да славістыкі. Славістычны часопіс.
славі́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да славіста, славістыкі.
сла́віцца, сла́ўлюся, сла́вішся, сла́віцца; незак.
1. (звычайна чым або са словам «як»). Мець славу, шырокую вядомасць у якіх‑н. адносінах. Стары Даніла славіўся на цэлую ваколіцу сваімі вырабамі: вёдрамі, начоўкамі, цабэркамі і лыжкамі, якія выходзілі з яго рук моцныя, гладкія. Бядуля. Міхайлаў славіўся як аматар смелых рашэнняў і шырокіх маштабаў. Карпаў. Цяпер гэты калгас [«Рассвет»] славіцца на ўвесь Савецкі Саюз. Паслядовіч. // Вызначацца чым‑н. (звычайна адмоўным). Палагея .. мела не зусім чыстую рэпутацыю і, апрача таго, славілася сваёй сварлівасцю. Шамякін.
2. Усхваляцца, праслаўляцца, ушаноўвацца. Слаўся, радзіма мая, за пачын Цяжкага шляху на Марс! Смагаровіч. Паслухай, Як соладка Славіцца шчасце У кожнай Аргана трубе! Кірэенка.
3. Зал. да славіць.
сла́віць, слаўлю, славіш, славіць; незак., каго-што.
Праслаўляць каго‑, што‑н. Славім мы дарогі баявыя, Першыя Кастрычніка гады. А. Александровіч. Я слаўлю мой край і мой горад, Што плённаю працай жыве. Прыходзька. Чалавека славіць праца І на полі, і ў млыне. Непачаловіч.
славу́тасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць славутага.
2. Слава, шырокая папулярнасць, вядомасць. Горад хутка разросся і набыў славутасць. «Маладосць». Зоя Лагодзіч адразу ўскіпела: — Мы [Толю] ўсыплем. Не паглядзім на славутасць. Асіпенка.
3. Вядомы, праслаўлены чалавек. Я адразу пачаў ствараць фантастычныя праекты, як зраблю навуковае адкрыццё ды стану славутасцю. Карпюк. «Зусім магчыма, — разважала маці, — што хлопчык некалі зробіцца славутасцю. Гучнае імя для яго тады будзе як знаходка!» Арабей.
4. Месца ці прадмет, выдатныя чым‑н. І яшчэ адна славутасць ёсць у Ігарцы — мярзлотная станцыя. Скрыган.
славу́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, пра якога ўсе ведаюць; агульнавядомы; праслаўлены. Славутыя дняпроўскія парогі. □ Шэдэўр сусветнай лірыкі, славуты «Ветразь» напісаў шаснаццацігадовы Лермантаў, дваццацігадовы Пушкін быў ужо аўтарам «Руслана і Людмілы». Грахоўскі. Яўген і Аляксееў чулі пра славуты Ніжагародскі адхон над Волгай. Карпаў. // чым. Які прыкметны чым‑н., карыстаецца славай у якіх‑н. адносінах. Мікола, падкасаўшы вышэй калень штаны, палез у славутую чырванапёркамі затоку. Ляўданскі. Хлопцы любяць мястэчка — нічым яно асабліва не славутае, няма ў ім ні рэчкі, не забрукавана пакуль што ніводнай вуліцы, але ўсё адно здаецца, што лепшай мясціны на свеце няма. Навуменка. Полацк жа славуты перш за ўсё сваёй шматвяковай гісторыяй. Хадкевіч.
2. Які набыў славу або дастойны яе; слаўны. Ніколі не забыць нам гэты дзень, Калі ў семнаццатым славутым годзе Аўроры залп, як сонечны прамень, Народам асвятліў шляхі к свабодзе. Астрэйка. Як пост той пакінеш, што з боем Узяты ў паходзе славутым? Калачынскі. Славутыя сцягі ўздымаюцца горда Па грозных напрамках ваенных дарог. Броўка.
3. Які дасягнуў шырокай вядомасці, карыстаецца папулярнасцю (пра чалавека). Славуты вучоны. Славуты лётчык. Славуты акцёр.
славянаве́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Разм. Тое, што і славяназнавец.
славяназна́вец, ‑знаўца, м.
Спецыяліст у галіне славяназнаўства.