Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чака́ншчык, ‑а, м.

Рабочы, які займаецца чаканкай, майстар чаканні (у 1 знач.). Шаўцы, гарбары, краўцы, шапачнікі, ювеліры, чаканшчыкі металу тут і працуюць, і прадаюць свае вырабы, і прымаюць заказы. В. Вольскі. Джайпурскія рамеснікі славяцца як адны з самых выдатных у Індыі чаканшчыкаў па бронзе. «ЛіМ».

чака́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад чакаць.

2. у знач. прым. Якога доўга, з нецярпеннем чакаюць; жаданы. Чаканы госць. □ Зямлю і ўпоперак і ўдоўж Раіў чаканы цёплы дождж. Панчанка. І вось нарэшце па шарэнгах подыхам ветру прабегла чаканая каманда: «Да бою!» Ваданосаў.

чака́цца, ‑аецца; незак.

Мае быць, павінна быць, адбыцца. З дня на дзень чакаўся прыезд меліяратараў. Дуброўскі. Аднак ужо было відаць, што ўраджай сёлета чакаецца небывалы. Сіняўскі.

чака́ць, а́ю, ‑а́еш, ‑а́е; незак.

1. каго-чаго, з дадан. сказам і без дап. Знаходзіцца дзе‑н., ведаючы загадзя аб маючым адбыцца прыходзе, прыбыцці, з’яўленні і пад. каго‑, чаго‑н. ці здзяйсненні чаго‑н. Праз паўгадзіны Мішка пад’ехаў да штабной зямлянкі, дзе яго ўжо чакаў Кастусь Мялешка. Паслядовіч. Чарнабровы заклапочаны чалавек, што адзінока чакаў на ўзлессі, .. зірнуў на гадзіннік. Мележ. // Разлічваць на прыход, з’яўленне каго‑, чаго‑н. ці адбыццё чаго‑н. І маці чакае салдата, Не верыць дагэтуль душой, Што ён на вайне ў сорак пятым Загінуў ад кулі чужой. Ляпёшкін. Доктара чакалі назаўтра. Чорны.

2. чаго, з дадан. сказам і з інф. Спадзявацца, разлічваць на што‑н. [Сяргей] пачуў боль збоку лба, як бы ў гэта месца вось-вось паляціць куля, бо .. чакаў, што ў яго пачнуць страляць. Колас. Не чакаў .. [«буржуй»] сустрэць тут Міколкавага бацьку. Лынькоў. Ад Валі Косця чакаў нечага большага, чым спагады і зычлівасці. Адамчык.

3. каго-што. Быць наканаваным каму‑н., прадбачыцца. Нас чакаюць Вялікія справы ў жыцці, Трэба ўперад ісці, Толькі ўперад ісці. Куляшоў. У школе Валіка чакала новая непрыемнасць. Жычка. // Падпільноўваць. [Жэня:] — Так зрабіць, каб на кожным кроку немцаў чакала справядлівая кара. Вось тады хутка прыйдзе ім канец. Шамякін. Ззаду застаўся доўгі і небяспечны шлях праз гнілыя стаячыя рэкі, праз небяспечныя багны, дзе на кожным кроку чакае пагібель. Самуйлёнак. // Знаходзіцца ў стане, што патрабуе якіх‑н. змен. Каляя колькі год не рамантавалася.., шпалы спарахнелі, даўно ўжо чакаюць замены. Шынклер.

4. заг. чака́й(це). Ужываецца як папярэджанне, пагроза. Гукаю хмурага сябра: «Чакай, таварыш брыгадзір, Вакол сябе ты паглядзі — Прыроды нельга распазнаць!» Панчанка. Ліс завыў, забрахаў: «Ну, чакай, ваўкарэз!» Бядуля.

•••

Не чакай дабра — пра магчымасць бяды, непрыемнасцей ад каго‑, чаго‑н.

Труна чакае гл. труна.

Чакаць з мора пагоды — спадзявацца, разлічваць на што‑н., застаючыся пасіўным; безнадзейна чакаць.

Чакаць манны нябеснай — чакаць якой‑н. удачы, чаго‑н. неспадзяванага.

Чакаць не дачакацца — з нецярпеннем, прагна чакаць.

чако́на, ‑ы, ж.

Старадаўні іспанскі танец. // Музычны твор у рытме гэтага танца.

[Ісп. chacona.]

чаку́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм. Невялікая бутэлька гарэлкі. На сядзенні стаяла бутэлечнае піва, чакушка гарэлкі і прынесеныя з гаража механікам дзве гранёныя шклянкі. Ракітны.

чал, ‑а, м.

Прычальны канат, ланцуг.

чалабі́тная, ‑ай, ж.

Гіст. Прашэнне або скарга, якая падавалася на імя цара ці мясцовым уладам у дапятроўскай Русі. Падаць чалабітную.

чалабі́тчык, ‑а, м.

Гіст. Той, хто звяртаецца з чалабітнай; прасіцель, ісцец.

чалабі́тчыца, ‑ы, ж.

Жан. да чалабітчык.