Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цяжкаво́дны, ‑ая, ‑ае.

У выразе: цяжкаводны рэактар гл. рэактар.

цяжкаво́з, ‑а, м.

Парода рабочых коней, якія выкарыстоўваюцца для перавозкі вялікіх грузаў; ламавік. Запрэжаныя па чатыры і тры пары цяжкавозы, напнуўшыся, цягнулі рознакаліберныя гарматы. Гурскі.

цяжкавыхо́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які з цяжкасцю паддаецца выхаванню; цяжкі для выхавання. Цяжкавыхоўныя вучні.

цяжкагру́зны, ‑ая, ‑ае.

Прызначаны для транспарціроўкі цяжкіх грузаў. Цяжкагрузныя судны.

цяжкадасту́пны, ‑ая, ‑ае.

1. Такі, да якога цяжка даступіцца; непраходны. Цяжкадаступныя горы. Цяжкадаступная пустыня.

2. Цяжкі для разумення, вывучэння. Цяжкадаступны стыль.

цяжкаду́м, ‑а, м.

Тое, што і тугадум. [Ганна Сымонаўна:] — Апрача таго,.. [Лазук] цяжкадум. У ягоным розуме няма гнуткасці, няма здольнасці «на хаду», у залежнасць ад новых сітуацый, змяняць кірунак сваіх думак. Дубоўка.

цяжкапара́нены, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і цяжкаранены.

цяжкапрахо́дны, ‑ая, ‑ае.

Такі, па якім або праз які цяжка прайсці. Цяжкапраходнае балота. Цяжкапраходны лес.

цяжкара́нены, ‑ая, ‑ае.

Які атрымаў сур’ёзную, цяжкую рану, раненне. Цяжкараненыя салдаты. / у знач. наз. цяжкара́нены, ‑ага, м. Загулі зноў маторы, І павёз самалёт Цяжкараненых, хворых І маленькіх сірот. Смагаровіч. Дзед Васіль і Лёнька прывезлі чатырох цяжкараненых, якіх вылавілі ў вадзе. Няхай.

цяжкараствара́льны, ‑ая, ‑ае.

Які марудна, дрэнна раствараецца. Цяжкарастваральныя солі. Цяжкарастваральныя злучэнні.