узбудара́жвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да узбударажыцца.
2. Зал. да узбударажваць.
узбудара́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да узбударажыць.
узбудара́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; зак.
Разм. Прыйсці ў стан непакою, трывогі; пачаць рухацца, дзейнічаць; устрывожыцца. Узбударажыўся натоўп. Узбударажыліся пчолы ў вуллі.
узбудара́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
Разм. Прывесці ў стан непакою, трывогі; заставіць рухацца, дзейнічаць; устрывожыць. Стральба ўзбударажыла вёску. Узбударажыць асіны рой. □ Вестка аб тым, што да крымскага берага падыходзяць судны, узбударажыла ўвесь шпіталь. С. Александровіч. Жарты, відаць, цягнуліся б і далей, каб раптоўны бразгат шархотак на двары не ўзбударажыў усіх. Броўка. Навошта ж тады ўзбударажылі Ганну, навошта ўзбаламуцілі спакойнае жыццё яе, разверадзілі душэўную рану? Хадановіч.
узбуджа́льнасць, ‑і, ж.
Здольнасць прыходзіць у стан узбуджэння (у 2 знач.). Празмерная ўзбуджальнасць.
узбуджа́льнік, ‑а, м.
1. Прычына ўзнікнення якога‑н. працэсу. Узбуджальнік грыпу.
2. Той, хто (ці тое, што) выклікае, узбуджае што‑н. Праца была ўзбуджальнікам і эстэтычнай эмоцыі, або, інакш кажучы, мастацкага майстэрства. Перкін.
узбуджа́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які прыводзіць у стан узбуджэння (у 2 знач.). Узбуджальныя сродкі.
2. Здольны хутка прыходзіць у стан узбуджэння. Лёгка ўзбуджальны чалавек.
узбу́джанасць, ‑і, ж.
Стан узбуджанага; усхваляванасць, узрушанасць. Трывога прайшла, засталася вясёлая ўзбуджанасць. Чорны. З самай раніцы ў тэхнікуме панавала тая атмасфера ўзбуджанасці, якая звычайна бывае ў дні, калі праходзіць размеркаванне выпускнікоў на працу. Васілевіч.
узбу́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад узбудзіць.
2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў прыўзнята-нервовым стане; усхваляваны, узрушаны. Ехалі падводы, ішлі ўзбуджаныя мужчыны і гучна аб чымсьці гаварылі. Каліна. Вясёлыя, узбуджаныя пары сядзелі цяпер па розных кутках. Броўка. // Які выражае, выяўляе такі стан. Узбуджаны голас. Узбуджаны твар. □ Я люблю Палявое гарачае лета, Гоман лесу І птушак узбуджаны крык. Кірэенка.
узбуджа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да узбудзіцца (у 2, 3 знач.).
2. Зал. да узбуджаць.