Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.

1. Разбурыць, знішчыць выбухам; падарваць. [Маеўскі:] — Гнядкоў! Сабірай сваіх падрыўнікоў. Узарві спачатку масты, пасля — вадакачку і стрэлкі. Шамякін. // Разбурыць напорам знутры. Праз тыдзень — другі імклівая плынь узарве, раскрышыць ледзяны панцыр, і Нёман .. панясе свае воды на поўнач — у Літву. «ЛіМ». / у перан. ужыв. Кастрычнік узарваў стары ўвесь лад. Астрэйка.

2. Узадраць, парушыць цэласць чаго‑н. Вось .. [Юрка] расшыў адзін .. край [пасылкі] і, узарваўшы фанернае вечка, заглянуў цсярэдзіну. Сіняўскі. // перан. Узараць. Я помню, як трактар той першы Прамчаў і ля нашых бяроз, Як дзедаўскую палоску Плугамі ўзарваў і панёс. Куляшоў.

3. перан. Парушыць чым‑н. спакой, цішыню і пад. [Стрэл] узарваў спакой летняе ночы і перакаціўся рэхам у наваколлі. Чарнышэвіч. Гром апладысментаў узарваў панаваўшую дагэтуль цішыню. Васілевіч.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Разм. Вывесці з сябе, абурыць, вельмі раззлаваць. Гэтая ветлівасць узарвала Андрэя, хоць ён даў сабе слова размаўляць зусім спакойна. Шахавец. — Ну і дэмагог жа ты! — узарвала Таццяну. Пальчэўскі.

узасо́с, прысл.

Разм. Працягла, доўга; не адрываючыся. Цалавацца ўзасос. □ І раптам [перакупшчык] сеў сярод дарогі на свой мяшок, вылавіў з кішэні табакерку і .. ўзасос, пачаў нюхаць у абедзве наздры. Гарэцкі.

узаткну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад узаткнуць.

узаткну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што.

Разм.

1. Насадзіць, надзець на што‑н. вострае. Адам моўчкі развязаў сваю торбачку, дастаў адтуль .. кавалак сала і,.. узаткнуўшы па завостраны штышок, пачаў круціць над полымем. Нікановіч.

2. Наспех абуць што‑н.; уссунуць. Узаткнуць боты на босыя ногі.

уза́хапы і уза́хапкі, прысл.

Разм. Наперабой; адзін перад адным. За спрыт у аддзяку Сустрэць яе [нафту] узахапы выпаліць: «Пайшла!» Калачынскі. Калгаснікі ўзахапкі пачалі касіць іржышча, падграбаючы яго разам з аўсом. «Звязда».

узахлёб, прысл.

Разм. Захлёбваючыся; таропка; заўзята. Сябры віншавалі разбуджанага Руневіча, зноў віншавалі адзін аднаго, ціха, узахлёб смяяліся. Брыль. Не чакаючы далейшых пытанняў, [Мікешка] ўзахлёб пачаў расказваць, што здарылася ў воданапорпай вежы. Беразняк. Не ўмеюць часам і крытыкаваць. Крытыкуюць — на знішчэнне. Хваляць — узахлёб. Шамякін.

узаця́жку, прысл.

Зацягваючыся, удыхаючы на ўсе грудзі (курыць, дыхаць і пад.). Курыў [стары] доўга, узацяжку, думаў. Надзя таксама не спала. М. Ткачоў. Першы раз Міхась смаліў узацяжку. Чэрня. Дождж прайшоў — І з сэрцам гладзіць цяжка: Птушкай рвецца ў чыстае раздолле! І на грудзі поўныя, узацяжку, Не надыхацца ніяк уволю. Гілевіч.

узбагаце́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Разбагацець, стаць багатым. [Ян:] — Узбагацела, гадаўка, бацьку пахаваць не прыехала. Чарнышэвіч.

узбагаці́цца, ‑гачуся, ‑гацішся, ‑гаціцца; зак.

1. Разм. Стаць багатым, разбагацець.

2. перан. Папоўніцца чым‑н., набыць што‑н., стаць больш багатым па саставу, зместу і пад. Бібліятэка ўзбагацілася новымі выданнямі. Узбагаціцца вопытам. □ Прамысловасць горада ўзбагацілася прадпрыемствамі, якіх тут не было да вайны. Хадкевіч. Наша мастацкая проза рабіла першыя крокі тады, калі руская літаратура ўзбагацілася бессмяротнымі творамі. Пшыркоў.

узбагаці́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; зак., каго-што.

1. Зрабіць багатым, заможным. [Паранены:] — Ратуйце... Усё жыццё дзякаваць буду, узбагачу... Усё аддам... Шамякін.

2. перан. Зрабіць больш багатым, разнастайным па саставу, зместу і пад. Новыя раманы ўзбагацілі літаратуру. Узбагаціць сваю памяць. □ — Што дала мне [мастацкая] студыя? Яна ўзбагаціла мяне тэхнікай. Сяргейчык. — Назіранні далі мне шмат цікавага, і жыццё на возеры ўзбагаціла мяне новымі ведамі і ўражаннямі. В. Вольскі.