узарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.
1. Разбурыць, знішчыць выбухам; падарваць. [Маеўскі:] — Гнядкоў! Сабірай сваіх падрыўнікоў. Узарві спачатку масты, пасля — вадакачку і стрэлкі. Шамякін. // Разбурыць напорам знутры. Праз тыдзень — другі імклівая плынь узарве, раскрышыць ледзяны панцыр, і Нёман .. панясе свае воды на поўнач — у Літву. «ЛіМ». / у перан. ужыв. Кастрычнік узарваў стары ўвесь лад. Астрэйка.
2. Узадраць, парушыць цэласць чаго‑н. Вось .. [Юрка] расшыў адзін .. край [пасылкі] і, узарваўшы фанернае вечка, заглянуў цсярэдзіну. Сіняўскі. // перан. Узараць. Я помню, як трактар той першы Прамчаў і ля нашых бяроз, Як дзедаўскую палоску Плугамі ўзарваў і панёс. Куляшоў.
3. перан. Парушыць чым‑н. спакой, цішыню і пад. [Стрэл] узарваў спакой летняе ночы і перакаціўся рэхам у наваколлі. Чарнышэвіч. Гром апладысментаў узарваў панаваўшую дагэтуль цішыню. Васілевіч.
4. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Разм. Вывесці з сябе, абурыць, вельмі раззлаваць. Гэтая ветлівасць узарвала Андрэя, хоць ён даў сабе слова размаўляць зусім спакойна. Шахавец. — Ну і дэмагог жа ты! — узарвала Таццяну. Пальчэўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)