Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

сядо́к, седака, м.

1. Коннік, верхавы. Грымнуў стрэл, і было ясна відаць, як сядок .. паляцеў потырч. Навуменка. Конік ішоў лёгка і жвава, хоць сядок быў яўна не па ім. Кулакоўскі. Конь асеў разам з седаком. Грахоўскі. // Пра матацыкліста, веласіпедыста. Некалькі матацыклістаў спрабавала раптоўна збочыць. Каляскі апісвалі ў паветры круты віраж і куляліся на брук разам з седакамі. Беразняк.

2. Той, хто едзе ў якой‑н. павозцы, санях, карэце (часам наймаючы вазака). Карэта рушыла. Сядок усміхнуўся, прыкрыў ногі .. і адхінуў фіранку са слюдзянога акенца. Караткевіч. Па дарозе ў Мінск і з Мінска камісіянеры бралі пасажыраў, або — як яны самі называлі — седакоў. Бядуля.

сяду́н, седуна, м.

Разм. Нерухавы, пасіўны, бяздзейны чалавек; дамасед. Жывуць там [у Назараўцы] шаўцы, краўцы, бондары ды цесляры — люд рамесны — сядзяць на месцы, іх за вуха з тае Назараўкі не выцягнеш. Таму і празвалі іх седунамі. Б. Стральцоў. А дзед кажа: — Я не сядун які-небудзь, каб дома ацірацца. Рылько.

сяду́ра, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Абл. Нерухавы, пасіўны чалавек; маруда. Гэтае мясцовае слова «сядура», распаўсюджанае сярод насельніцтва Калінаўшчыны, Злобіч нярэдка ўжываў, калі гаварыў пра якога-небудзь чалавека-маруду. М. Ткачоў.

сяды́-тады́, прысл.

Часам, калі-нікалі, іншы раз, зрэдку. Машыны — грузавыя і легкавыя, — якія сяды-тады праляталі па вуліцы, ішлі за горад, у бок Чэрвеньскага рынку. Якімовіч.

сяйво́, ‑а, н.

Абл. Тое, што сыплецца, сеецца адкуль‑н. З неба церушылася белае снегавое сяйво. // перан. Россып чаго‑н. У зеніце ледзь улоўным яшчэ для вока белаватым сяйвом вызначыўся Млечны шлях. Хадкевіч. Ты не забудзешся? Табе запомніцца На лісцях яблынь срэбнае сяйво? Гілевіч.

сяк, прысл.

У выразах: (і) так і сяк; ні так, ні сяк; то так, то сяк; ці так ці сяк гл. так.

сяка́ч ​1, секача, м.

1. Прылада, інструмент для раздрабнення, сячэння чаго‑н. Крыху счакаўшы, загрукаў сякач у карыце — гатавалася снеданне свінням. Колас. Лёдзя ачышчала мяса ад костак і потым драбіла яго секачом. Карпаў. Падбівае .. [цётка] нейкім секачом толькі што прытаптаны снег на тратуары. Мыслівец.

2. Спец. Механізм для разразання торфу на кускі.

сяка́ч ​2, секача, м.

1. Дарослы самец дзіка, марскога коціка. Тым часам старэйшыя парасяты робяцца падсвінкамі і, нарэшце, секачамі, але ўсё роўна пры бацьках застаюцца. В. Вольскі. Даніла забіў ударам дзіды матку, і тут стары сякач кінуўся на каня і зваліў яго разам з коннікам. Караткевіч. // Пра зуб дзіка. Дзе трушком, а дзе наўскач, Выскаліўшы зуб-сякач, Бег стары кабан надворны. Вітка.

2. Насякомае з пакрытым кароткімі валаскамі целам, якое жыве ў зямлі і з’яўляецца шкоднікам сельскагаспадарчых культур.

сяке́ра, ‑ы, ж.

1. Прылада, якой сякуць і склюдуюць, у выглядзе насаджанага на тапарышча шырокага прадаўгаватага кліна з лязом з аднаго боку і абухом з другога. У рукі ўзяў сякеру паляшук. Ён размахнуўся раз, другі і трэці... Ад сілы гэтых працавітых рук з гары высокай дуб зваліўся з веццем. Дубоўка.

2. Прымітыўная выкапнёвая прылада з крэменю. Толькі на высокіх курганах яшчэ можна адшукаць астаткі ад таго жыцця, што некалі было тут: гэта крам[я]нёвая сякера, гэта бронзавы кінжал. Самуйлёнак. // Старажытная халодная зброя ў выглядзе такой прылады з доўгай ручкай. Паперадзе ішлі воіны з сякерамі.

сяке́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Памянш. да сякера; невялікая сякера. Сабраўся дзед Баўтрук, забраў сякія-такія рэчы, сякерку сваю цяслярскую вострую ўзяў і, не аказаўшыся нявестцы, выйшаў з хутара на дарогу. Колас.

сяке́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сякеры.