Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спірытуалі́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік спірытуалізму.

спірытуалі́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да спірытуаліст.

спірытуалісты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да спірытуалізму, спірытуаліста.

спірытуа́льны, ‑ая, ‑ае.

Уст. Тое, што і спірытуалістычны.

спі́рытус, ‑у, м.

Разм. Спірт. [Яўхім:] — Неяк, па пояс у ледзяной вадзе, я наводзіў пераправу... Меркаваў, выйду са строю... Падышоў генерал і загадаў даць спірытусу. Гурскі.

спірыты́зм, ‑у, м.

Містычная вера ў замагільнае жыццё душ памёршых і ў магчымасць зносін з імі. // Уяўныя для спірытаў зносіны з душамі памёршых пры дапамозе розных прыёмаў (вярчэння сталоў, сподачкаў і пад.) і праз медыумаў.

спірыты́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да спірытызму, спірыта. Спірытычны сеанс.

спірэ́я, ‑і, ж.

Хмызняковая расліна сямейства ружакветных з белымі, ружовымі або чырвонымі кветкамі, сабранымі ў парасоны; вятроўнік.

спіс, ‑а, м.

1. Пісьмовы пералік каго‑, чаго‑н. Спісы выбаршчыкаў. Спіс дзеючых асоб п’есы. □ У суседнім пакоі, адкуль выбегла Зіна, складалі спісы тых, хто ідзе на будаўніцтва. Грамовіч. У сейфе сталёвым, у спісах ахвяр Быў знойдзены след маладой парабчанкі. Зарыцкі. Калі б скласці спіс добрых спраў парторга Абраменкава, яго давялося б друкаваць у многіх нумарах газеты. Дадзіёмаў. [Членам атрада] далі грошы і спіс усяго, што трэба было купіць. Шашкоў.

2. Перапісаны тэкст чаго‑н.; рукапісная копія. Вершы ў спісах. / Пра рукапісную копію старажытнага арыгінальнага помніка пісьменнасці. Вядомыя спісы беларуска-літоўскіх летапісаў і хронік вельмі неаднародныя паводле свайго складу. Чамярыцкі.

3. Дакумент, у якім пералічаны якія‑н. звесткі. Архіўныя дакументы і, у прыватнасці, фармулярныя спісы падрабязна паведамляюць пра ўсе .. перамяшчэнні [Багушэвіча] па службе. «Маладосць».

•••

Імянны спіс — спіс, у якім пералічваюцца прозвішчы і імёны якіх‑н. асоб.

Паслужны спіс — дакумент са звесткамі аб праходжанні службы.

Чорныя спісы — у краінах з рэакцыйным рэжымам — спісы асоб, якіх па палітычных матывах не прымаюць па працу, звальняюць у першую чаргу.

спі́сак, ‑ска, м.

Тое, што і спіс. Усіх, каго прынялі ў першы клас, настаўніца выклікала па спіску, размаўляла з імі. Навуменка. Старажытных [глагалічных] спіскаў знойдзена вельмі мала. «Беларусь».