смаляні́сты, ‑ая, ‑ае.
Які аддае смалой; смалісты. Смаляністы пах.
смаля́нка 1, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Сорт груш.
смаля́нка 2, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Тое, што і смалёўка (у 2 знач.). Не букет, а цэлы ахапак — пышны і яшчэ свежы, толькі дробненькія пялёсткі ружовых смалянак былі ўжо крануты згубнасцю [за]вядання. Ракітны. Ірдзелі на палянках чырвоныя смалянкі. Лынькоў.
смаляны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які мае адносіны да смалы (у 1 знач.), уласцівы ёй. Сасонкі ў заводскім парку выпусцілі бледна-зялёныя кволенькія іголачкі, напаілі паветра стойкім смаляным водарам. Шыцік. Хата — гэта ён вельмі сціпла назваў вялізную, з белымі разбянымі аканіцамі хароміну, з жоўтых сцен якой сачыліся смаляныя кроплі. Радкевіч. // Насычаны пахам смалы. Смаляное паветра. // Які мае адносіны да здабычы і апрацоўкі смалы. Смаляны промысел. Смаляны завод. // Які атрымліваюць з смалы або прадуктаў яе перапрацоўкі. Смаляная кіслата.
2. Які мае ў сабе многа смалы; смалісты. Смаляное дрэва. □ І там, дзе пелі пушчы баравыя, Корч смаляны хаціны асвятляў, Гараць агні гігантаў індустрыі, Шуміць калоссем плённая зямля. Звонак. У печы, відаць, гарэла ўжо не салома, а дровы — смаляныя трэскі і аскалёпкі. Пташнікаў.
3. Апрацаваны смалой (у 2 знач.); прасмолены. Смаляныя шпалы. □ Кончыўся прыгарад, потым была рэчка, на яе пясчаныя беразе ляжалі, як вялікія рыбіны, чаўны і грэлі на сонцы свае смаляныя бакі. Гаўрылкін.
4. Чорны і бліскучы (пра валасы). Віка.. гладзіла яго [Лаўрэна] шорсткія смаляныя валасы. Вітка.
•••
Смаляная падманка гл. падманка.
смаля́рня, ‑і, ж.
Тое, што і смалакурня. Калісь была тут смалярня. Ад яе засталіся толькі глыбы гліняных пячэй, дзе парыліся смалякі ды дробныя рэшткі пранятых смалою карчоў. Колас.
смара́гд, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Назва некаторых мінералаў зялёнага колеру.
2. Тое, што і ізумруд. У жанчыны.. былі жаўтаватыя, мабыць ад еду, пальцы і на адным з іх пабліскваў маленькі смарагд. Савіцкі.
[Грэч. smaragdos.]
смара́гдавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да смарагду. Смарагдавы колер. // Зроблены са смарагду; са смарагдам. Смарагдавы пярсцёнак. Смарагдавая брошка.
2. Падобны на смарагд, такі, як у смарагду. Заглядае бярозка ў акно, уся прасякнутая сонцам, стройная і светлая ў сваім смарагдавым убранні. Хадкевіч.
смарга́нец, ‑нцу, м.
Расліна сямейства злакаў з каласкамі, сабранымі ў вялікія або малыя суквецці.
смаржко́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да смаржка. Смаржковы соус.
2. у знач. наз. смаржко́выя, ‑ых. Сямейства сумчатых грыбоў, да якога адносяцца смаржкі.
смаржо́к, ‑жка, м.
Ядомы грыб на кароткай ножцы і з шапкай, паверхня якой маршчыністая, у звілістых складках. Кветак ніхто не рваў. Збіралі толькі дробнае шчаўе, і заечую капусту, ды яшчэ смаржкі — светла-карычневыя грыбы. Асіпенка.
смарка́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. смаркацца, а таксама гукі гэтага дзеяння.