смаляны, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да смалы (у 1 знач.), уласцівы ёй. Сасонкі ў заводскім парку выпусцілі бледна-зялёныя кволенькія іголачкі, напаілі паветра стойкім смаляным водарам. Шыцік. Хата — гэта ён вельмі сціпла назваў вялізную, з белымі разбянымі аканіцамі хароміну, з жоўтых сцен якой сачыліся смаляныя кроплі. Радкевіч. // Насычаны пахам смалы. Смаляное паветра. // Які мае адносіны да здабычы і апрацоўкі смалы. Смаляны промысел. Смаляны завод. // Які атрымліваюць з смалы або прадуктаў яе перапрацоўкі. Смаляная кіслата.

2. Які мае ў сабе многа смалы; смалісты. Смаляное дрэва. ▪ І там, дзе пелі пушчы баравыя, Корч смаляны хаціны асвятляў, Гараць агні гігантаў індустрыі, Шуміць калоссем плённая зямля. Звонак. У печы, відаць, гарэла ўжо не салома, а дровы — смаляныя трэскі і аскалёпкі. Пташнікаў.

3. Апрацаваны смалой (у 2 знач.); прасмолены. Смаляныя шпалы. ▪ Кончыўся прыгарад, потым была рэчка, на яе пясчаныя беразе ляжалі, як вялікія рыбіны, чаўны і грэлі на сонцы свае смаляныя бакі. Гаўрылкін.

4. Чорны і бліскучы (пра валасы). Віка.. гладзіла яго [Лаўрэна] шорсткія смаляныя валасы. Вітка.

•••

Смаляная падманка гл. падманка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)