сваяво́льнічанне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. сваявольнічаць.
сваяво́льнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Тое, што і свавольнічаць.
свая́к, ‑а, м.
Той, хто знаходзіцца ў сваяцтве з кім‑н. Па другі дзень раніцай Эма сказала маці, што едзе пагасціць да сваякоў у Глыбокае. Машара. Дзядзька Лявон даводзіўся Міколу нейкім сваяком у восьмым ці ў дзевятым калене. Корбан. У Дабрынічах гэтых Пальчыкаў добрая палова, і ўжо цяжка разабрацца, хто каму сваяк і ў якім калене. Дамашэвіч. На трэці дзень прыйшлі падводы, Усе сваякі папрыязджалі. Колас. // Расліны і жывёлы, якія адносяцца да аднаго віду. Расліна гэта завецца індыйскі фікус баніян — продак і самы блізкі сваяк нашага хатняга фікуса. Матрунёнак.
сваяўство́, ‑а, м.
1. Адносіны паміж людзьмі, якія маюць агульных продкаў. Нябожчыцы матцы Яніны яна даводзілася стрэчнай сястрой, вось і ўсё сваяўство — от так, дзесятая вада на кісялі. Мурашка. Губернатар вырашыў ніколі больш не звязвацца з гэтымі людзьмі. З дваццаці сямі тысяч дваран губерні сем тысяч былі з малодшых іхніх радоў, на розных ступенях сваяўства, ды яшчэ столькі ж залежалі ад іх і глядзелі таму з іхніх рук. Караткевіч. // Адносіны паміж сваякамі тых, хто пажаніўся. [Сабастыян Рамашка:] — І Ганнуся дома, і лякарства дома, і я на яе наглядзеўся, і да вас [Прыбыткоўскіх] завітаў на добрае знаёмства, сваяўство і лад. Чорны. // перан. Падабенства, блізкасць па зместу, прыкметах, уласцівасцях. Першыя мае радкі былі ў простым і непасрэдным сваяўстве з Андрэевымі і на той мове, якою мы гаварылі. Лужанін.
2. зб. Родныя, сваякі; радня. Сабраўшы баравіцкае сваяўство, .. [Пракоп] нечага ўсё шаптаўся са стрыечным братам. Вітка.
свая́цкі, ‑ая, ‑ае.
1. Заснаваны на сваяцтве, які мае адносіны да сваяцтва. Сваяцкія сувязі. □ Сваяцкія ніці паміж.. [жыхарамі вёскі] даўно пераблыталіся, а то і зніклі зусім, але тым не менш кожны з Гараўцоў лічыў сябе выхадцам з адной сям’і. Хадкевіч.
2. Блізкі па агульнасці паходжання.
3. Уласцівы сваякам, блізкім людзям; дружалюбны, сардэчны, цёплы. [Валасовіч-Гразнова:] — У мяне з ім [Адамам Ягоравічам] былі самыя блізкія сваяцкія адносіны. «Полымя». Рымар сам узяў такі сваяцкі тон. Арабей.
свая́цтва, ‑а, н.
1. Адносіны паміж людзьмі, якія маюць агульных продкаў. [Абрамовіч:] — Дзякуючы сваяцтву па матчынай лініі з паэтам Багушэвічам і чытанню «Нашай нівы» я, хоць і даволі прыблізна, але арыентаваўся ў літаратуры. «Полымя». — Ды я ж сын Паўлы Мажэйкі, з Узлесся. Мы ўжо былі ў вас некалі, — не ведаючы добра ні цёткі Маланні, ні абстаноўкі ў вёсцы, Мажэйка рабіў упор на сваяцтва. Шахавец. // Блізкасць, якая існуе ў раслін, жывёлін аднаго віду. Аказваецца, многія расліны яловага лесу знаходзяцца ў блізкім сваяцтве з флорай цёплых і гарачых краін. Гавеман. // перан. Падабенства, блізкасць па зместу, уласцівасцях, прыкметах. К. Чорны сам вельмі падкрэсліваў сваё кроўнае сваяцтва з традыцыямі беларускіх класікаў [Ф. Багушэвіча, Я. Купалы, Я. Коласа]. Кучар. Па сутнасці, нейкую новую з’яву мастацкай дакументалістыкі, якая знаходзіцца ў блізкім сваяцтве з кароткім апавяданнем, нагадвае кніга тонкіх псіхалагічных нататак Я. Брыля «Жменя сонечных промняў». «ЛіМ».
2. Роднасць не па крыві, а па шлюбу (адносіны паміж роднымі тых, хто жаніўся). Пра вяселле.. і пра хуткае сваяцтва ніводзін з іх нават і не намякнуў. Кулакоўскі.
3. зб. Родныя, сваякі; радня. Мо таму, што на здымку я быў у капелюшы, у гарнітуры пад гальштукам, яго прымайстравалі на самым відавоку, бо ён аздабляў здымкі мачышынага сваяцтва, якое было знята ў сялянскай вопратцы. Сабаленка. Не даварыўшы, панюхаў і, памянуўшы хрыста з усім сваяцтвам, [Васька] выліў цудоўную страву з усімі прысмакамі пад лазовы куст. Лынькоў.
•••
Ступень сваяцтва гл. ступень.
свая́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Жан. да сваяк.