сваяўство, ‑а, м.
1. Адносіны паміж людзьмі, якія маюць агульных продкаў. Нябожчыцы матцы Яніны яна даводзілася стрэчнай сястрой, вось і ўсё сваяўство — от так, дзесятая вада на кісялі. Мурашка. Губернатар вырашыў ніколі больш не звязвацца з гэтымі людзьмі. З дваццаці сямі тысяч дваран губерні сем тысяч былі з малодшых іхніх радоў, на розных ступенях сваяўства, ды яшчэ столькі ж залежалі ад іх і глядзелі таму з іхніх рук. Караткевіч. // Адносіны паміж сваякамі тых, хто пажаніўся. [Сабастыян Рамашка:] — І Ганнуся дома, і лякарства дома, і я на яе наглядзеўся, і да вас [Прыбыткоўскіх] завітаў на добрае знаёмства, сваяўство і лад. Чорны. // перан. Падабенства, блізкасць па зместу, прыкметах, уласцівасцях. Першыя мае радкі былі ў простым і непасрэдным сваяўстве з Андрэевымі і на той мове, якою мы гаварылі. Лужанін.
2. зб. Родныя, сваякі; радня. Сабраўшы баравіцкае сваяўство, .. [Пракоп] нечага ўсё шаптаўся са стрыечным братам. Вітка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)