Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

класіфікава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак. і незак., каго-што.

Размеркаваць (размяркоўваць) каго‑, што‑н. на класы, групы і пад. па характэрных прыметах або якасцях. Класіфікаваць тыпы ўрокаў. Класіфікаваць расліны.

класіфіка́тар, ‑а, м.

1. Спецыяліст у галіне класіфікацыі. Класіфікатар мінералаў.

2. Апарат для механічнай класіфікацыі здробненай руды, вугалю і інш. зернепадобных мінералаў.

класіфікацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да класіфікацыі. Класіфікацыйныя прыметы.

класіфіка́цыя, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. класіфікаваць. Праводзіць класіфікацыю элементаў.

2. Сістэма размеркавання прадметаў або паняццяў на класы, разрады па агульных характэрных прыметах і якасцях. Класіфікацыя раслін. Класіфікацыя ўрокаў. Класіфікацыя моў.

•••

Дэцымальная сістэма класіфікацыі гл. сістэма.

класіцы́зм, ‑у, м.

1. Напрамак у мастацкай літаратуры і мастацтве ў 17 — пачатку 19 стст., заснаваны на перайманні антычных узораў і звязаны з сістэмай строгіх правіл у перадачы рэчаіснасці.

2. Сістэма адукацыі, у аснову якой пакладзена вывучэнне лацінскай і старажытнагрэчаскай моў і антычнай культуры.

[Ням. Klassizismus.]

класіцы́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Прыхільнік або прадстаўнік класіцызму (у 1 знач.); класік (у 2 знач.)

класі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Створаны класікам, класікамі (у 1 знач.); узорны, дасканалы. Паэма «Новая зямля» Я. Коласа справядліва лічыцца класічным тварам беларускай літаратуры. Шкраба. Руская класічная літаратура велічна тым, што з’яўлялася люстрам рэвалюцыі. Пшыркоў. // Тыповы, асабліва характэрны. Класічны прыклад. Беларусь — краіна класічнай партызанскай барацьбы. □ [Купала] стварыў класічныя ўзоры лірыкі, ліра-эпічнай паэмы. Івашын. // Разм. Лепшы ў сваім родзе; выдатны. Класічны падарунак.

2. Які мае адносіны да класіцызму (у 1 знач.), уласцівы паслядоўнікам гэтага напрамку. Класічная паэма.

3. Які мае адносіны да старажытных грэкаў і рымлян; антычны. Класічная грэчаская мова. Класічная антычная літаратура. // Звязаны з вывучэннем антычных моў і літаратуры. Класічнае аддзяленне філалагічнага факультэта. Класічная адукацыя. Класічная гімназія.

4. Які адпавядае ідэалу хараства ў рымлян і грэкаў; правільны. Класічны профіль. Класічны нос.

•••

Класічная барацьба гл. барацьба (у 1 знач.).

кла́снасць, ‑і, ж.

Прыналежнасць да пэўнага класа, разраду, групы ў вытворчай кваліфікацыі. Увесці сістэму класнасці спецыялістаў. Прэміяльная надбаўка за класнасць.

кла́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да класа (у 3 знач.). Класны кіраўнік. Класны журнал. Класны пакой. Класная дошка. // у знач. наз. кла́сны, ‑ага, м.; кла́сная, ‑ай, ж. Разм. Класны кіраўнік (класная кіраўніца).

2. Спец. Які мае пэўны клас, разрад (пра судна і г. д.).

3. Які мае высокую ступень чаго‑н., які паказвае клас (у 5 знач.). Класная гульня. Класны спартсмен.

4. Уст. Які мае пэўны чын, ранг. Класны чыноўнік.

•••

Класны вагон (уст.) — пасажырскі вагон у адрозненне ад таварнага.

кла́сці, кладу́, кладзе́ш, кладзе́; кладзём, кладзяце́; пр. клаў, кла́ла; незак., каго-што.

1. Надаваць каму‑, чаму‑н. ляжачае становішча, змяшчаць куды‑н. у такім становішчы. Класці дзіця на ложак. Класці мяшкі на воз. // Валіць на зямлю саперніка пры дужанні. Ніхто з нас не браўся з Грышкам дужацца — ён кожнага клаў на зямлю адным махам. Капыловіч. // Укладваць, размяшчаць (для сну, адпачынку). — Давай, Мікалаеўна, кладзі хлопчыкаў спаць, — сказаў Ігнат жонцы. Кавалёў. // перан. Разм. Забіваць, нішчыць. Вінтовачныя кулі кладуць .. [немцаў] усіх на месцы. Чорны. Тыфус кладзе людзей. Крапіва.

2. Змяшчаць, засоўваць куды‑н. Класці грошы ў кашалёк. Класці рукі ў кішэнь. □ Ніна хадзіла па пакоі, нешта брала, нешта клала ў чамадан. Шыцік. // Змяшчаць на захоўванне, рабіць уклад (у банк, ашчадную касу і пад.). Класці грошы ў ашчадную касу. // Адпраўляць, змяшчаць (у клініку, шпіталь і пад.). Класці хворага ў бальніцу.

3. Наносіць зверху слой чаго‑н. У яго руках вельмі доўгі пэндзаль. Ён набірае на яго фарбу і смелымі мазкамі кладзе на палатно. Асіпенка. // Накладваць зверху, прыкладваць да якой‑н. часткі цела з лячэбнымі мэтамі. Класці павязку. Класці кампрэс.

4. Рабіць знак, метку, пакідаць адбітак чаго‑н. Класці штэмпель. □ На акно пляціце магу, Каб не клаў мароз сляды. Колас. // перан. Уздзейнічаць, рабіць вялікі ўплыў; пакідаць след. Старэем мы. Свой след кладзе няшчадны час То попелам валос, то ценем пад вачамі. Звонак.

5. Раскладваць, распальваць (пра агонь). Вартавыя клалі цэлую ноч агонь і гаварылі. Чорны.

6. Накладваць (страву, корм). Класці кашу на талерку. Класці трусам траву. // Прыбаўляць, падмешваць. Класці масла ў кашу.

7. Узводзіць, будаваць. Класці печ. □ Каб шчаслівай і багатай стала наша старана, Клалі сцены новай хаты — Бервяно да бервяна! А. Александровіч. // Рабіць, пракладваць, укладваць. Класці грэблю. Класці падлогу. Класці масты. // Складваць што‑н. пэўным чынам у адно месца. Класці сена ў копы. // Складваць, укладаць (стог, воз і пад.). Гучалі галасы жанок і дзяўчат, якія сушылі сена і клалі стагі. С. Александровіч. // перан. Ствараць умовы для дасягнення якой‑н. мэты, чаго‑н. Хто тварэц жыцця людскога, Волі, шчасця, пекнаты? Хто кладзе к жыццю дарогу? Ведай, моладзь, гэта — ты! Чарот.

8. Адкладваць (яйцы) для захавання патомства (пра насякомых).

9. перан. Аддаваць, траціць. Дарма класці сілы. □ Каб ведаць, колькі працы павінен быў тут класці чалавек, трэба самому ўбачыць гэтую дзялянку. Чорны.

10. Разм. Назначаць цану. — За вашу працу я кладу вам сем долараў у тыдзень. Васілевіч.

11. З некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнні, якія абазначаюць: утвараць дзеянне, адпаведнае значэнню назоўніка. Класці лату (латаць). Класці пачатак (пачынаць). Класці гной (угнойваць). Класці канец (канчаць).

•••

Класці галаву — гінуць, паміраць; ахвяроўваць сабой.

Класці галаву на калодку — ручацца жыццём за каго‑, што‑н.

Класці зубы на паліцу — галадаць, жыць у нястачы.

Класці на абедзве лапаткі — а) пры дужанні валіць саперніка на спіну; б) перамагаць у якой‑н. справе, спрэчцы і пад.

Класці на музыку (на ноты) — пісаць музыку на словы.

Класці пад сукно — адкладваць рашэнне якой‑н. справы, пакідаць без увагі, не даваць ходу чаму‑н.

Класці (сабе) у кішэню — прысвойваць чужыя грошы.

Пальца ў рот не кладзі каму — пра таго, хто можа пастаяць за сябе, з якім трэба весці сябе асцярожна.

Хоць ты да раны (у вуха) кладзі — пра пакорнага, мяккахарактарнага чалавека.

Хоць у дамавіну (труну) кладзі — пра худога, хваравітага на выгляд чалавека.