здараве́йшы, ‑ая, ‑ае.
Выш. ст. да прым. здаровы.
здараве́нны, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Высокага росту, моцнага целаскладу; дужа здаровы (пра чалавека). Першы сусед, які прыйшоў пабачыцца з .. [Антосем] быў Яўхім Мядзведзь, дужы, здаравенны мужчына, заядлы паляўнічы. Чарнышэвіч. Тарпак быў здаравенны, грудасты, шыракаплечы, і яго «пярэпалахі» выклікалі агульны смех. Колас.
2. Вельмі вялікі; велізарны (пра рэчы, прадметы). Гумно здаравеннае. Зірнеш на ніз — ледзь не закружыцца ў вачах. Брыль. На варотах вісеў здаравенны, кавальскай работы, замок. Крапіва.
здараве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Станавіцца здаравейшым. — Няма мне, брат, дзе разгарнуцца. А я гэтую гаспадарку так люблю, што проста здаравею каля яе. Колас.
здараві́ла, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і здаравяка. Здаравіла, падобны на Геркулеса, глядзеў на іх, студэнтаў, як бы звысака. Навуменка.
здаравя́ка, ‑і, м. і здаравя́к, ‑а, м.
Разм. Чалавек моцнага целаскладу і вялікай фізічнай сілы. Парады даваў суседскі хлопец, каржакаваты, шыракаплечы здаравяка. Б. Стральцоў. У гэты час дзверы расчыніліся, і на парозе з’явіўся плячысты здаравяк у студэнцкай куртцы. Кухараў.
здаравя́цкі, ‑ая, ‑ае.
Такі, як у здаравякі, здаравяка; уласцівы здаравяку. Здаравяцкага складу чалавек.
здаравя́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Жан. да здаравяка, здаравяк.
здара́цца, ‑а́ецца; незак.
1. Незак. да здарыцца.
2. у знач. пабочн. здара́ецца, здара́лася. Надае дзеяслову значэнне дзеяння, якое паўтараецца або паўтаралася нерэгулярна; часам, бывае, бывала. Здараецца, да ніткі дождж прамочыць ці высеча няшчадна жорсткі град. А. Вольскі. [Візэнер], здаралася, раздаваў сялянам што-небудзь з таго, што рабавалі яго бандыты ў дальніх вёсках. Шамякін.
здаро́віцца, ‑віцца; безас. незак. (звычайна ў пытальных і адмоўных зваротах).
Разм. Пра стан здароўя, самаадчуванне. Як табе здаровіцца? Не вельмі здаровіцца. □ Улетку Даніла, калі трохі здаровілася, плёў кашы. Кулакоўскі.