Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

здараве́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. здаровы.

здараве́нны, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. Высокага росту, моцнага целаскладу; дужа здаровы (пра чалавека). Першы сусед, які прыйшоў пабачыцца з .. [Антосем] быў Яўхім Мядзведзь, дужы, здаравенны мужчына, заядлы паляўнічы. Чарнышэвіч. Тарпак быў здаравенны, грудасты, шыракаплечы, і яго «пярэпалахі» выклікалі агульны смех. Колас.

2. Вельмі вялікі; велізарны (пра рэчы, прадметы). Гумно здаравеннае. Зірнеш на ніз — ледзь не закружыцца ў вачах. Брыль. На варотах вісеў здаравенны, кавальскай работы, замок. Крапіва.

здараве́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

Станавіцца здаравейшым. — Няма мне, брат, дзе разгарнуцца. А я гэтую гаспадарку так люблю, што проста здаравею каля яе. Колас.

здараві́ла, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і здаравяка. Здаравіла, падобны на Геркулеса, глядзеў на іх, студэнтаў, як бы звысака. Навуменка.

здаравя́ка, ‑і, м. і здаравя́к, ‑а, м.

Разм. Чалавек моцнага целаскладу і вялікай фізічнай сілы. Парады даваў суседскі хлопец, каржакаваты, шыракаплечы здаравяка. Б. Стральцоў. У гэты час дзверы расчыніліся, і на парозе з’явіўся плячысты здаравяк у студэнцкай куртцы. Кухараў.

здаравя́цкі, ‑ая, ‑ае.

Такі, як у здаравякі, здаравяка; уласцівы здаравяку. Здаравяцкага складу чалавек.

здаравя́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да здаравяка, здаравяк.

здара́цца, а́ецца; незак.

1. Незак. да здарыцца.

2. у знач. пабочн. здара́ецца, здара́лася. Надае дзеяслову значэнне дзеяння, якое паўтараецца або паўтаралася нерэгулярна; часам, бывае, бывала. Здараецца, да ніткі дождж прамочыць ці высеча няшчадна жорсткі град. А. Вольскі. [Візэнер], здаралася, раздаваў сялянам што-небудзь з таго, што рабавалі яго бандыты ў дальніх вёсках. Шамякін.

здаро́вейка, ‑а, н.

Ласк. да здароўе.

здаро́віцца, ‑віцца; безас. незак. (звычайна ў пытальных і адмоўных зваротах).

Разм. Пра стан здароўя, самаадчуванне. Як табе здаровіцца? Не вельмі здаровіцца. □ Улетку Даніла, калі трохі здаровілася, плёў кашы. Кулакоўскі.