Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узурпа́тарскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да узурпатара, уласцівы ўзурпатару.

узурпа́тарства, ‑а, н.

Паводзіны узурпатара; узурпацыя.

узурпа́цыя, ‑і, ж.

Незаконны захоп улады, прысваенне чужога права, паўнамоцтва.

[Лац. usurpatio ад usurpo — захопліваю.]

узурпі́раваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад узурпіраваць.

узурпі́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да узурпіраваць.

узурпі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.

Учыніць (учыняць) узурпацыю. Узурпіраваць вярхоўную ўладу. // перан. Разм. Захапіць (захопліваць) у сваё поўнае распараджэнне.

у́зус, ‑у, м.

Кніжн. Тое, што прынята, што стала звычайным; звычай, звычка.

[Ад лац. usus — карыстанне, ужыванне, звычай.]

узысці́, узыду; узыдзеш, узыдзе; пр. узышоў, ‑шла, ‑шло; заг. узыдзі; зак.

1. Ідучы, падняцца куды‑н. Пад’ехаўшы да школы, Лабановіч выскачыў з драбінак і ўзышоў на ганак. Колас. Я толькі на пагорак узыду, а ты ўжо кіруеш у нізіну. Макарэвіч. Змітрок узышоў на другі паверх, адчыніў дзверы. Ваданосаў. // Прайсці, пралегчы праз узвышэнне (пра дарогу, сцежку і пад.). Шаша ўзышла па ўзгорак і стала пятляць па лесе. Навуменка. / у перан. ужыв. Тры пакаленні беларускіх паэтаў плённа працавалі ў гады вайны. .. На якасна новыя рубяжы ўзышлі паэты сярэдняга пакалення: П. Броўка, П. Глебка, А. Куляшоў. Гіст. бел. сав. літ.

2. Ступіць, уз’ехаць на паверхню чаго‑н., на што‑н. Узысці на кладку. □ Толік узышоў на загон, паставіў касу,.. узяў у рукі мянташку. Капыловіч. Цягнік збавіў ход і асцярожна ўзышоў на мост. Карпаў. [Чубар] саступіў у малады хвойнік і .. пачаў прабірацца скрозь яго, каб абмінуць павуціну і ўзысці пасля зноў на сцежку. Чыгрынаў. // Увайсці, уехаць куды‑н. Фурман быў захоплены работай і не пачуў, як узышоў на двор Мікола. Новікаў.

3. З’явіцца, узняцца над гарызонтам (пра нябесныя свяцілы). Сонца толькі што ўзышло, а на сядзібе ўжо былі людзі. Хадкевіч. Узышоў месяц і ясна стала. Чорны. Дзень на змену ночы йдзе; Вось узыдзе сонца скора. Крапіва.

4. Праросшы, паказацца на паверхні глебы. Паліна Нікандраўна з Аняй Кавалёвай стаяць каля ўчастка лубіну, які толькі што ўзышоў. Дуброўскі.

узыхо́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Дзеянне паводле дзеясл. узыходзіць — узысці (у 1, 3 знач.).

узыхо́джанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. узыходзіць — узысці (у 1, 4 знач.).