Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

плячу́к, плечука, м.

1. Разм. Тое, што і плячо (у 1 знач.). Змоўкла, у задуменні прыхінулася Лысаковічаўна да Адасёвага плечука. Калюга.

2. Вата, падкладзеная пад плечы ў адзежы. [Мужчына:] — А мо вы заадно і штаны звузіце, ды з плечукоў крыху ваты выскубеце? «Звязда».

плячы́сты, ‑ая, ‑ае.

Шыракаплечы. І ўсё ж мы знайшлі Барыса. Гэта быў хлопец гадоў шаснаццаці, дужы і плячысты. Жычка. Праз некалькі хвілін у хату зайшлі плячысты, дужы Алёша Кунцэвіч, з непакрытай чорнай чупрынай, і высачэзны Мікіта Маляўка. Дуброўскі.

•••

Плячысты на жывот — пра таго, хто многа есць. — Плячысты на жывот [Косця Шмыг], — жартам, мусіць, сказаў начальнік цэха Мамалыга. Мыслівец.

пля́шачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пляшкі.

пля́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм. Шкляная пасудзіна з вузкім горлам, служыць для захоўвання вадкасці; бутэлька. Гаспадыня паспешліва наліла пляшку малака. Новікаў. Вяселле не гулялі, толькі выпілі пляшку данскога віна. Лужанін.

пляшы́васць, ‑і, ж.

Адсутнасць валасоў.

пляшы́вы, ‑ая, ‑ае.

З плешам, аблыселы. Шыковіч праз шкло ў задняй сценцы бачыў, як з боку ў бок матлялася пляшывая галава. Шамякін.

пляшы́на, ‑ы, ж.

Тое, што і плех. Сям-там дол зарос вераском, а найчасцей голы, з сівымі пляшынамі лішайнікаў. Навуменка.